Белорусский портал в Казахстане

Пушылін і Дайнега ў Менску абвясьцілі пра працяг наступу



​Цалкам і Данецкую, і Луганскую вобласьці гатовыя захапіць узброеныя фармаваньні сэпаратыстаў — такую заяву зрабілі 30 студзеня ў Менску прадстаўнікі так званых «ЛНР» і «ДНР» Уладзіслаў Дайнега і Дзяніс Пушылін.

Каля 15:00 у аэрапорце «Менск-2» Уладзіслаў Дайнега і Дзяніс Пушылін зрабілі заяву для прэсы. Паводле іх, на сустрэчу трохбаковай кантактнай групы ў Менску яны прывезьлі праект дакумэнту, які быў падрыхтаваны падчас папярэдняй сустрэчы ў Данецку паміж кіраўнікамі г.зв. «ДНР» і «ЛНР» Аляксандрам Захарчанкам і Ігарам Платніцкам пры ўдзеле «чалавека Пуціна» Віктара Медведчука.

Па словах Дайнегі і Пушыліна, дакумэнт не супярэчыць папярэднім Менскім дамоўленасьцям, і яны будуць чакаць у аэрапорце прыбыцьця на перамовы ўкраінскага боку.

Праз паўгадзіны Пушылін і Дайнега выйшлі да прэсы з заявай, што празь беларускі МЗС атрымалі інфармацыю: прадстаўнікі Ўкраіны на сустрэчу не прыедуць.​

У сваім выступе для прэсы Дзяніс Пушылін усклаў адказнасьць за абвастрэньне і гібель людзей у студзені 2015 году на ўкраінскі бок і заявіў наступнае:

«„ДНР“ і „ЛНР“ былі вымушаныя перайсьці ў наступ. Гэта выключна крок у адказ на абстрэл гарадоў, каб падавіць пазыцыі праціўніка, зь якіх абстрэльваліся Данецк, Луганск і іншыя буйныя населеныя пункты. У выніку дзеяньняў нашых узброеных фармаваньняў лінія сутыкненьня істотна зьмянілася».

Ад гэтага моманту, паводле Пушыліна, так званыя «ДНР» і «ЛНР» гатовыя размаўляць пра спыненьне агню і сваіх падразьдзяленьняў на фактычнай лініі сутыкненьня.

Пушылін і Дайнега пацьвердзілі гатовасьць да перамоваў, аднак усе далейшыя дамоўленасьці, у тым ліку адвод цяжкай тэхнікі, будуць адбывацца толькі з улікам фактычнай лініі сутыкненьня.

Пытаньні абмену палоннымі, эканамічныя пагадненьні і іншае, па словах прадстаўнікоў сэпаратыстаў, яны гатовыя абмяркоўваць толькі пасьля спыненьня агню і адводу цяжкога ўзбраеньня калібрам больш за 100 мм.

Супярэчнасьць пагадненьня, якое прапаноўваюць сэпаратысты, Менскім дамоўленасьцям Пушылін патлумачыў тым, што 19 верасьня ня быў падпісаны дадатак да мэмарандуму. У гэтым дадатку, па словах Пушыліна, быў пералік населеных пунктаў, аднак на той момант былі адрозьненьні ад фактычнай лініі, што патрабавала ўзгадненьня. Усе далейшыя спрэчкі наконт менскага мэмарандуму былі зьвязаныя з гэтым, — заявіў Дзяніс Пушылін.
«Сытуацыя гранічна абвастрылася і прымусіла нас перайсьці ў контранаступ і істотна пасунуць пазыцыі праціўніка ад буйных населеных пунктаў. На жаль, гэта яшчэ не мяжа. Новыя ахвяры непазьбежныя», — сказаў Пушылін.

«Мы гатовыя выйсьці на межы паўнавартасных Данецкай і Луганскай абласьцей», — заявіў Пушылін.

Паведаміць падрабязнасьці пра новы дакумэнт, падрыхтаваны ў Данецку, прадстаўнікі сэпаратыстаў адмовіліся.

Яны настойваюць на падпісаньні яго ўсімі бакамі. Пасьля гэтага, сьцьвярджаюць яны, у Менск гатовыя прыбыць кіраўнікі так званых «ДНР» і «ЛНР» Аляксандар Захарчанка і Ігар Платніцкі для канчатковага падпісаньня мэмарандуму.

Пра магчымасьць сустрэчы трохбаковай кантактнай групы ў фармаце Ўкраіна — Расея — АБСЭ стала вядома 29 студзеня ўвечары.

Аляксандра Дынько, Менск
Радыё Свабода, 30 студзеня 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-0/513/29330
Текущая дата: 28.12.2024