Белорусский портал в Казахстане

Сустрэча трохбаковай кантактнай групы па Ўкраіне ў Менску адмененая



Такую інфармацыю паведаміў прэс-сакратар МЗС Дзьмітры Мірончык.

26 сьнежня быў заплянаваны другі этап сустрэчы ў фармаце Украіна-Расея-АБСЕ, але ён не адбудзецца. МЗС РБ пацьвярджае гатовасьць да правядзеньня чарговай сустрэчы, але яе дата залежыць толькі ад удзельнікаў перамоваў — паведаміў Дзьмітры Мірончык.

24 сьнежня сустрэча ў Менску доўжылася амаль 5 гадзінаў, яе ўдзельнікі не далі камэнтароў журналістам. Пазьней стала вядома, што была дасягнутая дамоўленасьць пра абмен палоннымі ў фармаце «ўсіх на ўсіх». СБУ пацьвердзіла, што плянуецца абмяняць 150 украінскіх вайскоўцаў на 225 удзельнікаў сэпаратысцкіх фармаваньняў. Аднак інфармацыі пра хаду абмену палоннымі няма.

Аб правядзеньні ў Менску сустрэчаў кантактнай групы 24 і 26 сьнежня дамовіліся ў панядзелак кіраўнікі Ўкраіны, Францыі, Расеі і Нямеччыны. Першапачаткова было прынятае рашэньне, што перамовы пройдуць у закрытым для прэсы фармаце. Журналістам толькі паведамілі, што ў парадак дня ўключаныя чатыры пытаньні: аб асаблівым статусе Данбасу, адводзе цяжкага ўзбраеньня, абмене палоннымі і дастаўцы гуманітарнай дапамогі ў раён канфлікту.

У Менск прыбылі афіцыйны прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЭ па пытаньнях ўрэгуляваньня сытуацыі ва Ўкраіне Адэльхэйд Тальявіні, экс-прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма, амбасадар Расеі ва Ўкраіне Міхаіл Зурабаў, а таксама прадстаўнікі сэпаратыстаў з самаабвешчаных Луганскай і Данецкай «народных рэспублік» Уладзіслаў Дзейна і Дзяніс Пушылін.

Радыё Свабода
26 сьнежня 2014, Менск 

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-0/518/28808
Текущая дата: 27.12.2024