Белорусский портал в Казахстане

Арсеній Яцанюк: Мінскі пратакол усё яшчэ можа прынесці мір ва Украіну



Мінскі пратакол усё яшчэ можа прынесці мір ва Украіну, заявіў украінскі прэм`ер-міністр Арсеній Яцанюк, адкрываючы 26 лістапада пасяджэнне ўрада.

Паводле яго слоў, Украіна зрабіла ўсё, каб дасягнуць міру, аднак Расіяй не было зроблена ні кроку для дээскалацыі канфлікту. "Расія абавязана выконваць тое, што падпісала і паабяцала ўсяму свету. Мінскі пратакол, 12 пунктаў, — гэта той план, які ўсё яшчэ можа прынесці мір ва Украіну і спыніць расійскую ваенную агрэсію", — цытуе Яцанюка агенцтва УНІАН. "Расія не хоча міру. Калі б Пуцін хацеў міру, то мінскі пратакол быў бы не на паперы, а на справе", — дадаў украінскі прэм`ер. 

Мінскі пратакол аб урэгуляванні сітуацыі на Данбасе быў падпісаны 5 верасня па выніках пасяджэння кантактнай групы ў фармаце Украіна — АБСЕ — Расія з удзелам сепаратыстаў. 19 верасня ў Мінску быў падпісаны мемарандум аб выкананні палажэнняў пратакола. Аднак праз некалькі тыдняў усе бакі перамоўнага працэсу прызналі, што дасягнутыя ў Мінску мірныя дамоўленасці не выконваюцца. Пры гэтым удзельнікі канфлікту абвінавачваюць адзін аднаго ў іх зрыве.

Мінск, 26 лістапада 2014
БелаПАН

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-0/521/28404
Текущая дата: 26.12.2024