Белорусский портал в Казахстане

Кіраўнік Нацыянальнай акадэміі навук: З пачаткам працы ўласнай станцыі Беларусь назаўжды замацоўваецца ў Антарктыцы



У Нацыянальнай акадэміі навук у Мінску 5 лістапада адбыліся ўрачыстыя праводзіны ўдзельнікаў 7-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі (БАЭ).

Сёлета ў яе складзе пяць палярнікаў: начальнік БАЭ Аляксей Гайдашоў (Рэспубліканскі цэнтр палярных даследаванняў), інжынер-эколаг Уладзіслаў Мямін (кафедра мікрабіялогіі БДУ), інжынер-геафізік Павел Шаблыка (Інстытут прыродакарыстання НАНБ), інжынер-радыёметрыст Міхаіл Кароль (Інстытут фізікі імя Сцяпанава НАНБ) і інжынер-механік Уладзімір Алфімаў (МАЗ). 

"Гэта экспедыцыя праходзіць у крыху іншым фармаце, чым у папярэднія гады, — адзначыў у гутарцы з журналістамі Аляксей Гайдашоў. — З 2011-га па 2014 год мы працавалі ў скарочаным штатным складзе — тры чалавекі. Сёлета нас пяцёра, што дазволіць больш эфектыўна рэалізоўваць задачы, пастаўленыя дзяржаўнай праграмай маніторынгу палярных раёнаў Зямлі. 

Мы знаходзімся ў падрыхтоўчай стадыі да мантажу элементаў Беларускай антарктычнай станцыі (БАС). Першая яе секцыя знаходзіцца ўжо ў стадыі вырабу — гэта складаная тэхнічная прылада, нашпігаваная сучаснай электронікай, прыборамі. Увосень і на працягу зімы 2015-га ў Антарктыду могуць быць адпраўлены тры секцыі станцыі. Таму ў задачу нашай экспедыцыі, акрамя навуковай праграмы, будуць уваходзіць і інжынерна-тэхнічныя работы па падрыхтоўцы пляцоўкі для ўстаноўкі першага модуля". 

Паводле слоў Гайдашова, модуль — гэта аўтаномны кантэйнер, здольны функцыянаваць незалежна ад знешніх прыродных фактараў і знешніх крыніц энергіі. Ён абсталяваны ўласнымі сілавой і геліевай энергетычнай устаноўкамі, мае месцы для размяшчэння абсталявання, навуковых прыбораў, сродкаў сувязі, спальныя месцы, душ, міні-кухню, электратуалет. Кошт адной секцыі для БАС эквівалентны кошту аднаго сучаснага аўтамабіля "МАЗ-МАН". Падчас рэалізацыі новага этапу дзяржпраграмы ў Антарктыду будзе завезена шэсць-восем такіх модуляў. 

"З пачаткам працы ўласнай станцыі Беларусь назаўжды замацоўваецца ў Антарктыцы, — падкрэсліў старшыня прэзідыума НАНБ Уладзімір Гусакоў, — і, нароўні з іншымі развітымі краінамі, мае сваю стратэгію даследаванняў. Іх кола ў гэтай экспедыцыі вельмі шырокае — гэта і тэхнічныя эксперыменты, і эксперыменты ў галіне біялогіі і біятэхналогій, вырошчвання раслін, выжывальнасці. Пяць буйных праектаў, а акрамя іх яшчэ шмат замоў і даручэнняў ад нашых акадэмічных інстытутаў". 

7-я Беларуская антарктычная экспедыцыя будзе праходзіць са снежня 2014 года па красавік 2015 года ў складзе 60-й Расійскай антарктычнай экспедыцыі.

БелаПАН, 5 лістапада 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-0/525/28033
Текущая дата: 26.12.2024