Белорусский портал в Казахстане

Больш як 3 тыс. прыбыўшых з Украіны звярнуліся за падтрымкай у Беларускі Чырвоны Крыж



Аб гэтым паведаміла галоўны спецыяліст па сувязях са СМІ і грамадскасцю Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК) Алена Свешнікава.

Больш як 3 тыс. прыбыўшых з Украіны звярнуліся за падтрымкай у Беларускі Чырвоны Крыж, на аказанне дапамогі зрасходавана звыш Br200 млн.

Яна адзначыла, што як толькі патокі жыхароў Украіны з рэгіёнаў баявых дзеянняў у Беларусь сталі нарастаць, БТЧК актыўна ўключылася ў аказанне дапамогі. Людзям выдзялялі прадуктовыя і гігіенічныя наборы. Была аказана дапамога ў куплі білетаў у населеныя пункты рэспублікі, дзе прапаноўвалася працаўладкаванне. Супрацоўнікі Чырвонага Крыжа дапамагалі цяжкахворым і тым, хто не можа самастойна перамяшчацца, дабрацца да месца новага пражывання. У Гродне і Віцебску ў асобных выпадках прыбыўшым з Украіны прадастаўлена магчымасць пражывання ў цэнтрах для бежанцаў.

БТЧК аказвае псіхалагічную дапамогу і інфармацыйную падтрымку вымушаным перасяленцам. Больш таго, Беларускі Чырвоны Крыж выкарыстоўвае ўсе магчымасці для аказання ім максімальнай дапамогі. Так, у Гомельскай арганізацыі Чырвонага Крыжа грамадзян Украіны не толькі кансультуюць па далейшым уладкаванні, але і аказваюць першую дапамогу. Паводле слоў кіраўніка абласной арганізацыі БТЧК Алы Смаляк, апошнім часам людзей, якія прыязджаюць з Данбаса, становіцца ўсё больш. Кожны дзень у арганізацыю звяртаюцца каля 40 грамадзян Украіны. За два месяцы аказана дапамога больш як 1 тыс. вымушаным перасяленцам.

Практычна ўсе, хто звярнуўся, знаходзяцца ў постстрэсавым стане, не маюць сродкаў да існавання (патрэбны адзенне, абутак, прадукты харчавання і жыллё). Ёсць вялікая праблема ў наладжванні сувязі ўкраінскіх грамадзян са сваякамі, якія засталіся на тэрыторыі ваенных дзеянняў. БТЧК спадзяецца ў самы бліжэйшы час аднавіць тэлефонную сувязь з Луганскім Чырвоным Крыжам, які пачаў функцыянаваць, і садзейнічаць у аднаўленні сямейных сувязей.

У пачатку верасня дэлегацыя Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа наведала Мінскую, Магілёўскую, Гродзенскую, Віцебскую абласныя арганізацыі Чырвонага Крыжа з мэтай падтрымкі ўкраінцаў, якія прыбылі ў Беларусь. Эксперты сустрэліся з перасяленцамі. Сярод хвалюючых іх праблем - гуманітарныя, медыцынскія, а таксама пошук работы і жылля. Гэтыя пытанні былі абмеркаваны ў час круглага стала з удзелам прадстаўнікоў мясцовых органаў улады.

Паводле слоў генеральнага сакратара БТЧК Віктара Калбанава, практычна ўсе дзяржаўныя арганізацыі дапамагаюць прыбыўшым з Украіны. У першую чаргу гэта арганізацыі аховы здароўя, органы ўнутраных спраў, служба занятасці.

Насельніцтва Беларусі актыўна адрэагавала на заклік БТЧК аб зборы грашовых сродкаў, адзення і прадметаў першай неабходнасці для жыхароў Украіны, якія знаходзяцца на тэрыторыі рэспублікі. Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа выказвае вялікую ўдзячнасць усім неабыякавым людзям.

"З набліжэннем халадоў патрэбнасць у цёплым зімовым адзенні і абутку рэзка ўзрастае, - падкрэслілі ў БТЧК. - У сувязі з гэтым звяртаемся да грамадзян Беларусі з заклікам аказаць дапамогу ў забеспячэнні цёплым зімовым адзеннем і абуткам. Такую дапамогу прымаюць усе абласныя, гарадскія і раённыя арганізацыі беларускага Чырвонага Крыжа. Уся гуманітарная дапамога будзе накіравана тым, хто мае ў гэтым патрэбу".

11 верасня 2014, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-0/532/27486
Текущая дата: 26.12.2024