Белорусский портал в Казахстане

З пункта гледжання права рэферэндумы аб федэралізацыі ў Данецкай і Луганскай абласцях Украіны не маюць ніякага значэння



Аб гэтым заявіў Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв`ю расійскаму тэлеканалу "Дождь", якое выйшла ў эфір 21 траўня.

"Я не кажу, у якіх умовах праводзіўся рэферэндум… Любы рэферэндум павінен праводзіцца на падставе канстытуцыі", — падкрэсліў Лукашэнка.

На пытанне, ці з`яўляюцца ініцыятары гэтых рэферэндумаў сепаратыстамі, ён адказаў: "Сепаратысты — гэта справа густу. Камусьці хочацца называць сепаратыстамі, а мне хочацца сказаць, што занадта наламалі дроў ва Украіне. Я вельмі добра ведаю, лепш за кагосьці ў Расіі, што адбываецца ва Украіне. З-за розных прычын, па розных каналах. Народ адурманілі, народ сшалеў, яны не разумеюць, што адбываецца. Федэралізацыя, дэцэнтралізацыя, еўраінтэграцыя і іншае. І тут Пуцін мае рацыю: трэба сабрацца і пагаварыць з гэтымі сепаратыстамі гэтак званымі: чаго ж вы хочаце? Вы не паўтарайце памылку Януковіча".

На думку Лукашэнкі, пакуль ва Украіне не будзе нацыянальнага лідара, "там будзе бардак". "У гэтай сітуацыі патрэбны лідар, чалавек, які прыйдзе, скажа: так, вось так зробім, і пойдуць усе", — мяркуе ён.

Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў, што ён выступае за адзінства Украіны, а таксама паведаміў, што казаў пра гэта Уладзіміру Пуціну.

На пытанне, ці магчымыя такія сцэнарыі ў Беларусі, Лукашэнка адказаў: "Не будзе гэтых сцэнарыяў у Беларусі пры любым збегу акалічнасцяў. Прынамсі, пакуль я прэзідэнт".

БелаПАН
Мінск, 21 траўня 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-0/536/26125
Текущая дата: 16.11.2024