Белорусский портал в Казахстане

Рускі музей прадставіў выстаўку беларускага скульптара Андрэя Асташова ў Міхайлаўскім замку Санкт-Пецярбурга



Выстаўка беларускага скульптара Андрэя Асташова адкрылася ў Міхайлаўскім замку Санкт-Пецярбурга.

Экспазіцыя аб`яднала больш як 70 работ майстра, паведамілі ў музеі.

У аснову выстаўкі закладзены рэтраспектыўны прынцып - дэманструюцца асноўныя творы, створаныя скульптарам у апошнія два дзесягоддзі. У той жа час складальнікі імкнуліся найбольш поўна паказаць разнастайнасць сюжэтаў і, сыграўшы на кантрасце, упісаць сучасную скульптуру ў гістарычныя інтэр`еры Міхайлаўскага замка.

Асаблівасць творчасці Андрэя Асташова ў тым, што ён спалучае ў сваіх графічных і скульптурных творах сюжэты міфаў розных краін. У яго работах знайшло адлюстраванне традыцыйнае мастацтва народаў Далёкага Усходу, трапічнай Афрыкі і Акіяніі, у ім ёсць таксама водгаласы еўрапейскіх павер`яў і антычных міфаў, біблейскіх сюжэтаў і легенд аб стварэнні свету.

Андрэй Асташоў - выпускнік Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, з 1995 года ўдзельнічае ў рэспубліканскіх і міжнародных выстаўках. Работы мастака прадстаўлены ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Музеі мастацтваў у іспанскім горадзе Малага і прыватных зборах Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША і іншых краін.

9 жніўня 2013, Масква
Эдуард Півавар - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-0/537/22589
Текущая дата: 17.05.2024