Белорусский портал в Казахстане

Мы павінны спыніць трагічныя падзеі ва Украіне, чаго б нам гэта ні каштавала



Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі, выступаючы 9 траўня на цырымоніі ўскладання вянкоў да манумента Перамогі ў Мінску.

Аляксандр Лукашэнка са шкадаваннем канстатаваў, што сёння некаторыя палітыкі аддаюць забыццю ўрокі гісторыі, спрабуюць прынізіць ролю савецкага народа ў Перамозе над фашызмам, патураюць адраджэнню нацызму.

"Каб дагадзіць палітычным і геастратэгічным амбіцыям, ажыццяўляецца мэтанакіраваная дзейнасць па дэстабілізацыі палітычнай абстаноўкі ў суверэнных дзяржавах. Такія прыклады мы назіраем на Блізкім Усходзе, у Паўночнай Афрыцы, іншых "гарачых кропках" планеты", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Балюча гаварыць аб тым, што адной з такіх "гарачых кропак" стала блізкая нам наша Украіна. Над брацкай славянскай краінай навіслі хмары грамадзянскай вайны і брат падняў руку на брата, - прадоўжыў Прэзідэнт. - Чаго б нам ні каштавала, мы павінны гэта спыніць".

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь непакоіць і той факт, што гэтыя падзеі "выкарыстоўваюцца як падстава для актывізацыі дзяржавамі НАТА ваеннай дзейнасці, непасрэдна каля нашых беларускіх граніц". "Усё гэта патрабуе асаблівай пільнасці і з`яднанасці народа", - лічыць кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, цяперашні, 2014 год адзначаны дзвюма знакавымі падзеямі ў гісторыі. У ліпені споўніцца 70 гадоў з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а ў жніўні - 100 гадоў з дня пачатку Першай сусветнай вайны. "Гэтыя памятныя даты - падстава для сур`ёзных разваг. Чаму праз усяго тры дзесяцігоддзі пасля Першай сусветнай вайны разгарэўся новы планетарны пажар? Як магла ў цывілізаванай Еўропе зарадзіцца і набраць сілу пячорная ідэалогія нацызму? Ці хопіць у сучаснай палітычнай эліты розуму і сумлення, каб не правакаваць новыя разбуральныя канфлікты?" - сказаў Прэзідэнт.

"Мы атрымалі бясцэнныя ўрокі з трагічных падзей ХХ стагоддзя. Мы ведаем цану міру і згоды і будзем няўхільна адстойваць свае ідэалы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Нашы Узброеныя Сілы гатовы ў любую мінуту адстаяць суверэнітэт Беларусі, грамадзянскі мір і згоду ад замахаў звонку і знутры. Справа гонару кожнага грамадзяніна - абарона Айчыны і паўсядзённы клопат аб яе ўмацаванні", - заявіў Прэзідэнт.

Звяртаючыся да ветэранаў, Прэзідэнт пажадаў ім здароўя, поспехаў, шчасця і дабрабыту. "Перамога ў маі 45-га - гэта ваш найвялікшы ўклад у ратаванне і развіццё чалавечай цывілізацыі, у нашу з вамі агульную мірную сучаснасць і ў будучыню", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Мы - наследнікі вялікага народа-пераможцы, якому Еўропа абавязана свабодай і працвітаннем. І ўсведамленне гэтага служыць крыніцай нашай сілы і ўпэўненасці ў сабе", - сказаў на заканчэнне Прэзідэнт.

9 мая 2014, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-0/537/25999
Текущая дата: 16.11.2024