Белорусский портал в Казахстане

Стварэнне трыбунала па расследаванні ваенных злачынстваў, як мяркуецца, учыненых за час канфлікту ў Косава ў 1998-2000 гадах, будзе садзейнічаць умацаванню вяршынства права ў гэтым краі



Пра гэта заявіў афіцыйны прадстаўнік ААН Фархан Хак.

Паводле яго слоў, сусветная арганізацыя не прымала ўдзел у дыскусіях, звязаных з установай спецыяльнага трыбуналу, аднак супрацоўнічае з Еўрасаюзам у расследаванні правапарушэнняў, у якіх абвінавачваюцца сябры «Вызваленчай арміі Косава». Асновай для вывучэння гэтых сцвярджэнняў стаў даклад Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, у якім албанскія ўлады краю абвінавачваліся ў незаконным гандлі наркотыкамі і чалавечымі органамі. У ліку падазроных у дачыненні да гэтай дзейнасці — цяперашні прэм’ер-міністр Косава Хашым Тачы.

«Стварэнне гэтага трыбунала ў сувязі з сцвярджэннямі, выкладзенымі ў дакладзе Савета Еўропы 2011 года, дапаможа ўмацаваць вяршынства права ў Косава і пераканацца ў адсутнасці беспакаранасці», — падкрэсліў Хак.

Раней парламент Косава адобрыў распрацаваны Брусэлем і некалькімі краінамі праект стварэння трыбунала большасцю галасоў. Плануецца, што штаб-кватэра новай судовай структуры будзе знаходзіцца за межамі Косава і не будзе ўваходзіць у яго судовую сістэму, што заклікана забяспечыць адпаведную незалежнасць і бяспеку.

Трыбунал будзе расследаваць ваенныя злачынствы і злачынствы супраць чалавечнасці, у тым ліку генацыд. Зараз імі займаецца размешчаны ў Гаазе Міжнародны крымінальны трыбунал для былой Югаславіі, аднак яго мандат хутка мінае.

Звязда, 25 красавіка 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-0/538/25913
Текущая дата: 16.11.2024