Белорусский портал в Казахстане

У Швэцыі закрылі справу пра плюшавы дэсант



Перададзеная зь Літвы ў Швэцыю справа пра мядзьвежы дэсант закрытая. Пра гэта паведамляе Радыё Швэцыя.

Рашэньне прыняў абвінаваўца Ларс Хедвал з Міжнароднай пракурорскай палаты ў Стакгольме. Справа першапачаткова разглядалася ў Літве. Два супрацоўнікі швэдзкага рэклямнага бюро Studio Total абвінавачваліся ў парушэньні Закону аб іншаземцах і Закону аб правілах перасячэньня паветранай прасторы ў сувязі з акцыяй скідваньня плюшавых мядзьведзяў з самалёта ў Беларусі.

Літоўскае сьледзтва ўстанавіла, што два швэдзкія супрацоўнікі рэклямнага бюро сапраўды прыляцелі са Швэцыі ў Літву. Аднак даказаць, што яны затым перасеклі паветраную мяжу Беларусі не ўдалося. Факт пералёту празь мяжу нідзе не зарэгістраваны. Паказаньні сьведка, які бачыў невялікі невядомы самалёт, не супадаюць з часам, калі на радары было зафіксавана рэха. Гэта рэха на радары, як дапускае літоўскае сьледзтва, магло быць выклікана і птушкай. Няма дадзеных і аб тым, што самалёт запраўляўся ў Літве.

Само рэклямнае бюро сьцьвярджала ў ліпені 2012 году, што яго супрацоўнікі лёталі з тэрыторыі Літвы ў Беларусь і скінулі на паветраных шарах 800 плюшавых мядзьведзікаў з заклікамі да барацьбы за правы чалавека і свабоду слова. Беларускія ўлады сьцьвярджалі, што было знойдзена толькі два мядзьведзікі.

Гэтая акцыя стала міжнароднай навіной. Зь Беларусі былі высланыя два швэдзкія дыпляматы. Прэзыдэнт Лукашэнка патрабаваў, каб швэды паўсталі перад судом.

У пачатку 2013 году літоўская пракуратура зьвярнулася да Швэцыі з просьбай узяць на сябе далейшае расьсьледаваньне. Швэдзкі пракурор азнаёміўся з маштабнымі матэрыяламі літоўскага сьледзтва. Паводле яго слоў, ні ў швэдзкіх, ні ў літоўскіх матэрыялах расьсьледаваньня няма таго, што магло б «пераканаўча падмацаваць сьцьвярджэньне» , што абодва падазраваныя сапраўды правялі такі пералёт праз дзяржаўную мяжу. Супрацоўнікі рэклямнага бюро Studio Total адмаўляюць прад’яўленыя ім абвінавачваньні.

Радыё Свабода, 25 лістапада 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-0/555/24191
Текущая дата: 16.11.2024