Белорусский портал в Казахстане

Катастрофа «Палесься» на Іртышы: адны выбіраліся па галовах іншых



У суботу ў выніку сутыкненьня цеплахода «Палесьсе» з баржай на рацэ Іртыш пад Омскам у Расеі загінулі 6 чалавек, яшчэ 47 пацярпелі.

У момант караблекрушэньня пасажыры цеплахода запалі ў моцную паніку і выбіраліся з транспарту, які тануў, караскаючыся па іншых людзях, распавяла агенцтву «Інтэрфакс» адна з пацярпелых, якая знаходзіцца ў бальніцы, Тацяна.

Паводле яе, перад сутыкненьнем пасажыры, якія адпраўляліся на экскурсію ў Ачаірскі манастыр, знаходзіліся ў паслабленым стане і зусім не былі гатовыя да нечаканасьцяў.

«Усе сядзелі на сваіх месцах, у паслабленым стане. Раптам цеплаход рэзка пайшоў улева, пасьля гэтага я ўжо нічога ня памятаю. Ачулася ў праходзе, а вакол была паніка і гістэрыка сярод пасажыраў. Салён стаў напаўняцца вадой, і другі раз я ўжо прыйшла да прытомнасьці ў вадзе, але мне ўдалося выратавацца. Людзі выбіраліся зь цеплахода, літаральна караскаючыся па галовах іншых», – сказала субяседніца.

«Пазьней да нас падышла іншая баржа і ўзяла на борт некалькіх пацярпелых. Мой муж таксама дапамагаў пераносіць пацярпелых», – падкрэсьліла Тацяна.

Як паведамлялася, у суботу на 1843 кілямэтры ракі Іртыш за 10 км ад Омска адбылося сутыкненьне цеплахода «Палесьсе-8» і баржы. Цеплаход «Палесьсе» выконваў рэйс Омск – Ачаір, на яго борце ў момант аварыі знаходзілася 56 чалавек: 52 пасажыры і чатыры чальцы экіпажу.

У раёне пасёлка Новая станіца судна сутыкнулася з грузавой баржай і затанула. У выніку трагедыі шэсьць чалавек загінулі, яшчэ 47 пацярпелі.

Паводле зьвестак галоўнага ўпраўленьня МНС РФ у рэгіёне, пасьля шпіталізацыі ў лячэбных установах застаюцца 34 чалавекі, у тым ліку сямёра дзяцей. Астатнія 13 чалавек пераведзеныя на амбуляторнае лячэньне.

Радыё Свабода, 18 жніўня 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-0/564/22775
Текущая дата: 17.11.2024