Белорусский портал в Казахстане

Беларускія назіральнікі выявілі шэраг недахопаў на прэзідэнцкіх выбарах у Чэхіі



Група кароткатэрміновых міжнародных назіральнікаў, акрэдытаваная ад недзяржаўнай арганізацыі Belarus Watch, падвяла папярэднія вынікі назірання за выбарамі прэзідэнта Чэхіі 11—12 студзеня 2013 года.

Назіральнікі, якія наведалі 182 выбарчыя ўчасткі ў розных рэгіёнах краіны, "адзначылі высокі ўзровень арганізацыі выбараў і звярнулі ўвагу на празрыстую і эфектыўную сістэму падліку галасоў выбаршчыкаў", гаворыцца ў паведамленні прэс-службы арганізацыі.

Беларускія назіральнікі сустракалі "ў асноўным дружалюбнае" стаўленне да сябе з боку членаў камісій. Нягледзячы на няпэўнасць статуса назіральніка ў чэшскім заканадаўстве, практычна ўсе прадстаўнікі праекта атрымалі доступ на выбарчыя ўчасткі і неабходную інфармацыю, запатрабаваную імі.

"Выконвалася патрабаванне ідэнтыфікацыі кожнага выбаршчыка: да галасавання дапускаліся толькі тыя з іх, хто меў неабходныя дакументы. Высокую ацэнку заслугоўвае працэдура галасавання з выкарыстаннем канвертаў. Гэтая сістэма, на думку місіі, дае магчымасць найлепшым чынам забяспечыць тайну галасавання", — адзначаецца ў паведамленні.

Падлік галасоў праходзіў "хутка і эфектыўна". Хуткасць падліку "аказалася параўнальнай з той, што можна сустрэць на выбарах Беларусі, аднак вынікі падліку не выклікаюць ніякіх сумненняў".

Місія па назіранні адзначае таксама "шэраг недахопаў, якія, аднак не паўплывалі на вынікі выбараў". На розных участках выбарчыя скрыні апячатваліся па-рознаму. На некаторых участках на скрынях прысутнічалі замкі, на іншых іх не было. Часам скрыні толькі апячатваліся, пры гэтым подпісы членаў камісій на скрынях адсутнічалі. У некаторых выпадках на ўчастках былі неапячатаныя скрыні, якія, паводле слоў членаў выбарчых камісій, не выкарыстоўваліся, аднак маглі быць задзейнічаны пазней. Місія мяркуе, што працэдуры апячатвання скрынь для галасавання павінна быць дэталізаваная ў заканадаўстве. У некаторых выпадках участкі аказваліся перапоўненыя выбаршчыкамі, што цягнула за сабой утварэнне чэргаў унутры ўчастка і па-за ім. Былі адзначаны выпадкі адкрытага галасавання: выбаршчыкі ўпакоўвалі бюлетэні ў канверты для галасавання па-за кабінкамі, што супярэчыць патрабаванню заканадаўства. Члены камісій часцей за ўсё не перашкаджалі падобным дзеянням. Толькі зрэдку выбарчыя ўчасткі былі абсталяваныя для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Многія ўчасткі былі размешчаныя не на першым паверху будынкаў, што абцяжарвала доступ да іх асоб сталага веку.

Місія па назіранні за выбарамі складалася з 35 чалавек — прадстаўнікоў беларускіх недзяржаўных арганізацый, студэнтаў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. Місія была арганізаваная ў рамках праекта "Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка" арганізацыяй Belarus Watch у партнёрстве з Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам і Домам правоў чалавека ў Вільнюсе.

У другі тур выбараў прэзідэнта Чэхіі, які пройдзе 25 і 26 студзеня, выйшлі былы прэм`ер-міністр Мілаш Земан і першы віцэ-прэм`ер, кіраўнік МЗС Чэхіі Карэл Шварцэнберг.

БелаПАН
Мінск, 13 студзеня 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-0/591/18903
Текущая дата: 17.11.2024