Белорусский портал в Казахстане

Прадстаўнік Фюле: ЕС запрасіў Беларусь пачаць перамовы аб пераглядзе пагадненняў для аблягчэння атрымання шэнгенскіх віз



ЕС запрасіў Беларусь пачаць перамовы аб візавай падтрымцы і пераглядзе пагадненняў з мэтай аблегчыць беларускім грамадзянам наведванне Еўрасаюза.

Аб гэтым гаворыцца ў лісце з кабінета камісіі камісара Еўрасаюза па пашырэнні і добрасуседстве Штэфана Фюле ў адказ на зварот старшыні аргкамітэта рэспубліканскага грамадска-асветніцкага аб`яднання "Сацыял-дэмакраты за дыялог і кансалідацыю" Анатоля Ляўковіча. У ім выкладаліся асноўныя ідэі стратэгіі "За дыялог і кансалідацыю".

Як заявіў прадстаўнік ЕС, паляпшэнне візавай падтрымкі заклікана садзейнічаць кантактам паміж грамадзянамі Беларусі і Еўрапейскага саюза. "З-за адсутнасці адказу ад беларускіх уладаў краіны — удзельніцы ЕС цяпер выкарыстоўваюць існуючую гнуткасць, якую дазваляе віза ЕС, што дае магчымасць аблегчыць атрыманне віз для насельніцтва. Мы ўзмоцнена працуем разам з краінамі — членамі ЕС над пытаннямі аб візах доўгага знаходжання і відаў на жыхарства ў адпаведнасці з нацыянальнымі законамі", — гаворыцца ў лісце.

Прадстаўнік ЕС згадзіўся з Ляўковічам у тым, што для будучыні Беларусі "неабходна выбудаваць моцную плюралістычную лінію ў палітыцы, падтрымліваць усе каналы зносінаў адкрытымі і ўцягваць усе бакі ў канструктыўны дыялог". "Менавіта беларускі народ праз уцягванне ў дэмакратычны працэс зможа мадэрнізаваць сваю краіну", — гаворыцца ў лісце.

Прадстаўнік ЕС таксама выказаў надзею, што беларускія ўлады хутка далучацца да дыялогу аб мадэрнізацыі. Гэты дыялог з беларускім грамадствам Фюле пачаў у канцы сакавіка 2012 года. Ён складаецца з абмену меркаваннямі і ідэямі паміж прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасці і палітычнай апазіцыі, з аднаго боку, і ЕС — з іншага. У прыватнасці, абмяркоўваюцца неабходныя рэформы для мадэрнізацыі Беларусі і развіццё адносінаў з ЕС.

"Парадак дня прапанаваны прадстаўнікамі беларускага грамадства, улічваючы патрэбы беларускіх грамадзян. Дыялог знаходзіць шырокі водгук у беларускіх СМІ, і мы спадзяемся, што гэта садзейнічае больш плённым абмеркаванням у Мінску і на рэгіянальных узроўнях", — гаворыцца ў лісце.

Анастасія Янушэўская, БелаПАН
Мінск, 14 студзеня 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-0/591/18921
Текущая дата: 17.11.2024