Белорусский портал в Казахстане

Шведская піяр-кампанія Studio Total, якая арганізавала ў ліпені гэтага года "плюшавую бамбардзіроўку" Беларусі, абяцае "захапляльныя вясну і лета"



"Мы не можам каментаваць запланаваныя кампаніі. Зараз мы працуем над тым, каб вярнуць грошы, якія былі выдаткаваны на "плюшавы дэсант". Але магу сказаць, што нас чакаюць захапляльныя вясна і лета", — паведаміў заснавальнік Studio Total Пер Кромвел.

За арганізацыю "плюшавай бамбардзіроўкі" Беларусі шведская піяр-кампанія надоечы ўганаравана прэстыжнай прэміі Epica Awards — ёй прысуджана золата ў намінацыі Public Relations.

Як сцвярджае Кромвел, ніхто з Studio Total не чакаў такога прызнання, прэмія стала для іх "сапраўдным сюрпрызам". Цырымонія ўзнагароджання Epica Awards адбудзецца ў студзені, і Studio Total мае намер выкарыстаць гэтае мерапрыемства для "факусавання на героях, якія змагаюцца за свабоду ў Беларусі", заявіў заснавальнік кампаніі.

"Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі пагаршаецца. Ранняй вясной актывіст з Беларусі быў арыштаваны за тое, што выставіў некалькі плюшавых цацак з запіскамі з патрабаваннямі свабоды слова. Пазней з намі звязалася група праваабаронцаў. Яны хацелі, каб мы прыцягнулі сусветную ўвагу да злачынстваў у Беларусі. Мы вырашылі зрабіць міжнароднае шоу ў падтрымку дэманстрацыі плюшавых цацак і скінулі з самалёта на Мінск 800 плюшавых медзведзянят з запіскамі з патрабаваннямі свабоды слова", — гаворыцца ў каментары Studio Total, размешчаным на сайце Epica Awards.

Мэта Epica Awards — "прасоўваць найвышэйшыя стандарты крэатыўнасці і дапамагаць прадстаўнікам рэкламнай галіны стварыць рэпутацыю ў Еўропе". Узнагароды прысуджаюць прадстаўнікі спецыялізаванай прэсы. Сёлета журы Epica Awards складаецца з прадстаўнікоў 35 спецыялізаваных часопісаў з 28 краін.

Нагадаем, аднаматорны самалёт са шведскім экіпажам з супрацоўнікаў кампаніі Studio Total несанкцыянавана перасек паветраную мяжу Беларусі раніцай 4 ліпеня. Ён правёў у паветранай прасторы краіны прыкладна паўтары гадзіны, скінуўшы над Івянцом і ўскраінай Мінска больш як 800 плюшавых медзведзянят з запіскамі ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі.

Нягледзячы на тое што ваенныя і пагранічнікі адмаўлялі парушэнне дзяржмяжы, па гэтым факце была распачата крымінальная справа. 13 ліпеня ў межах расследавання быў затрыманы 20-гадовы фатограф Антон Сурапін, які першым выклаў на сваім сайце Belarusian News Photos фатаграфіі скінутых шведамі цацачных мядзведзяў. Пазней стала вядома пра затрыманне рыэлтара Сяргея Башарымава, які займаецца арэндай кватэр на кароткі тэрмін і ў якога шведы маглі ці планавалі арандаваць жыллё.

31 ліпеня за "неналежнае выкананне службовых абавязкаў па арганізацыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь" Аляксандр Лукашэнка зняў з пасады кіраўніка Дзяржпагранкамітэта Ігара Рачкоўскага і камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны генерал-маёра Дзмітрыя Пахмелкіна.

1 жніўня ўлады Беларусі адмовілі ў працягу акрэдытацыі паслу Швецыі Стэфану Эрыксану, пасля чаго разгарэўся беларуска-шведскі дыпламатычны скандал.

9 жніўня Аляксандр Лукашэнка заявіў журналістам, што канфлікт вакол пасла Швецыі і інцыдэнт з незаконным палётам над Беларуссю шведскага самалёта ніяк не звязаны.

17 жніўня КДБ змяніў Антону Сурапіну і Сяргею Башарымаву меру стрымання з утрымання пад вартай на падпіску аб нявыездзе.

БелаПАН
Мінск, 28 лістапада 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-0/600/17997
Текущая дата: 18.11.2024