Белорусский портал в Казахстане

Восем краін Еўропы далучыліся да рашэння ЕС прадоўжыць санкцыі ў дачыненні да Беларусі



Вярхоўны прадстаўнік ЕС па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан вітала далучэнне васьмі краін Еўропы да рашэння Еўрасаюза прадоўжыць санкцыі ў дачыненні да Беларусі да 31 кастрычніка 2013 года.

"Еўрапейскі саюз прымае да ведама і вітае рашэнні гэтых дзяржаў", — гаворыцца ў заяве вярхоўнага прадстаўніка ЕС, тэкст якога паступіў у РІА Новости (афіцыйна дакумент пакуль не апублікаваны).

Краіны, што далучыліся, — Албанія, Ісландыя, Ліхтэнштэйн, Македонія, Нарвегія, Сербія, Харватыя і Чарнагорыя.

Варта адзначыць, што ўсе гэтыя краіны, акрамя Нарвегіі, заявілі пра сваё далучэнне да санкцый ЕС у дачыненні да Беларусі яшчэ ў чэрвені 2012 года.

15 кастрычніка Савет міністраў замежных спраў краін ЕС прыняў рашэнне прадоўжыць санкцыі да 31 кастрычніка 2013 года ў сувязі з тым, што "не ўсе палітзняволеныя былі вызвалены, а вызваленыя не былі рэабілітаваны, а таксама з прычыны адсутнасці паляпшэнняў у сферы паважання правоў чалавека, вяршэнства закону і дэмакратычных прынцыпаў".

Пры гэтым Савет ЕС падкрэсліў сваю прыхільнасць развіваць адносіны з беларускім народам і грамадзянскай супольнасцю, у тым ліку праз ініцыятыву "Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі".

Пад візавыя і эканамічныя санкцыі ЕС трапляюць 243 беларускія чыноўнікі, у тым ліку Аляксандр Лукашэнка.

БелаПАН
Мінск, 3 лістапада 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-0/607/17327
Текущая дата: 18.11.2024