Белорусский портал в Казахстане

Польскія следчыя знайшлі сляды тратылу на абломках самалёта, які разбіўся пад Смаленскам



Пра гэта паведамляе газета Rzeczpospolita са спасылкай на неназваныя крыніцы.

Польскія следчыя знайшлі сляды выбуховых рэчываў на абломках самалёта прэзідэнта Польшчы, які пацярпеў крушэнне пад Смаленскам.

Паводле звестак выдання, польскія пракуроры і ўзрыватэхнікі, якія аглядалі абломкі самалёта ў Расіі, знайшлі сляды тратылу і нітрагліцэрыну на крылах самалёта і ў салоне, у тым ліку на 30 пасажырскіх крэслах. Сляды выбуховых рэчываў таксама знойдзены на месцы крушэння, адзначае Rzeczpospolita.

Нагадаем, на борце самалёта, што разбіўся 10 красавіка 2010 года пад Смаленскам, знаходзілася афіцыйная польская дэлегацыя на чале з прэзідэнтам Лехам Качыньскім, якая ляцела ў Катынь для ўдзелу ў мемарыяльных мерапрыемствах у сувязі з 70-годдзем расстрэлу польскіх афіцэраў супрацоўнікамі НКУС. Загінулі 96 чалавек.

27 кастрычніка 2012 года пад Варшавай у падвале ўласнага дома быў знойдзены мёртвым адзін з ключавых сведак крушэння 42-гадовы Рэмігіуш Мусь, які быў бортінжынерам самалёта Як-40. Яго знайшла павешаным жонка, паведаміла Польскае радыё. У акруговай пракуратуры Варшавы лічаць, што гэта, хутчэй за ўсё, самагубства.

Падчас авіякатастрофы Рэмігіуш Мусь знаходзіўся на борце іншага самалёта, які вылецеў з Польшчы з удзельнікамі жалобных мерапрыемстваў і паспяхова прызямліўся на тэрыторыі Расіі за гадзіну да трагедыі. Як бортінжынер, Мусь меў магчымасць слухаць перамовы экіпажа Ту-154 з дыспетчарам у Смаленску. У сваіх паказаннях падчас следства Мусь паведамляў, што дыспетчар у аэрапорце дазволіў польскаму ўрадаваму самалёту знізіцца да небяспечнай вышыні, нягледзячы на густы туман. Паводле слоў Муся, пілотам Ту-154 дазволілі знізіцца да вышыні 50 метраў для прыняцця рашэння аб пасадцы. Між тым у стэнаграмах перамоў размова ішла пра 100 метраў.

Трэба адзначыць, што ў пачатку 2012 года з-за справы аб смаленскай авіякатастрофе спрабаваў пакончыць з сабой польскі ваенны пракурор Мікалай Пшыбыл. Гэта адбылося непасрэдна падчас яго прэс-канферэнцыі ў Познані 9 студзеня. Палкоўнік Пшыбыл спрабаваў даказаць, што адзін з яго калег-пракурораў перадаваў інфармацыю пра ход следства рэпарцёрам.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 30 кастрычніка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-0/608/17215
Текущая дата: 18.11.2024