Белорусский портал в Казахстане

У Бішкеку сваякі загінулых падчас падзей у Кыргызстане ў 2010 годзе пікетавалі пасольства Беларусі



У Бішкеку каля пасольства Беларусі вечарам 22 жніўня адбыўся мітынг грамадскага аб`яднання "Мекен шэйітэры", якое патрабуе ад беларускіх улад экстрадыцыі Жаныша Бакіева, брата былога прэзідэнта Кыргызстана Курманбека Бакіева, які скрываецца ў Мінску.

Як паведамляе кыргызскае інфармацыйнае агенцтва АКИpress, мітынгоўцы спрабавалі трапіць на тэрыторыю пасольства і ўручыць ліст з патрабаваннем экстрадыцыі Жаныша Бакіева. Пасля сваркі сваякоў загінулых у красавіцкіх падзеях з міліцыянерамі работнік пасольства запрасіла чатырох прадстаўнікоў з ліку мітынгоўцаў у будынак пасольства, каб выслухаць іх патрабаванні і прыняць адпаведны зварот.

Аб`яўлены ў міжнародны вышук Жаныш Бакіеў надаўна быў заўважаны і сфатаграфаваны ў кафэ ў цэнтры Мінска з яшчэ двума падазронымі ў трайным забойстве. Як паведаміла галоўнае ўпраўленне крымінальнага вышуку (ГУКВ) МУС Кыргызскай Рэспублікі, "здымак зроблены відавочцамі ў цэнтр Мінска каля элітнага беларускага кафэ "Грунвальд" на вуліцы Карла Маркса, непадалёк ад Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь". "На ім грамадзяне Кыргызскай Рэспублікі, аб`яўленыя ў міждзяржаўны вышук, — былы старшыня Службы дзяржаховы Жаныш Бакіеў, а таксама яго аднакурснік і экс-намеснік СДА Тахір Рысаліеў, 1957 года нараджэння, ураджэнеу Нарынскай вобласці, і Рустам Сайдуеў, 1976 года нараджэння, ураджэнец Джалал-Абадскай вобласці, блізкі сябар Максіма Бакіева", — заявілі ў ГУКВ.

Паводле звестак ГУКВ, усе трое з`яўляюцца асноўнымі падазронымі ў забойстве былога кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Кыргызстана Медэта Садыркулава, яго вадзіцеля Кубата Сулайманава і дырэктара Міжнароднага інстытута стратэгічных даследаванняў Сяргея Слепчанкі. Таксама паведамляецца, што кіраўніцтва ГУКВ МУС "некалькі разоў адпраўляла запыт у праваахоўныя органы Беларусі аб месцазнаходжанні асоб, якія адшукваюцца, і кожны раз атрымлівала адказ, што звестак аб гэтых асобах няма".

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 23 жніўня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-0/621/16131
Текущая дата: 18.11.2024