Белорусский портал в Казахстане

Прэзідэнт РФ падтрымаў старшынства Беларусі ў СНД у 2013 годзе



Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін на сустрэчы 19 ліпеня ў Крамлі з выканаўчым сакратаром СНД Сяргеем Лебедзевым падтрымаў прапанову Выканаўчага камітэта Садружнасці перадаць у парадку ратацыі старшынства ў арганізацыі ў 2013 годзе Беларусі.

Пра гэта паведаміла прэс-служба выканкама.

Падчас гутаркі былі абмеркаваныя актуальныя пытанні інтэграцыйнага ўзаемадзеяння ў межах СНД.

Кіраўнік расійскай дзяржавы зноў пацвердзіў, што паглыбленне інтэграцыйных працэсаў на прасторы Садружнасці з`яўляецца прыярытэтным кірункам знешняй палітыкі Расіі, а таму дзейныя сёння на постсавецкай прасторы інтэграцыйныя аб`яднанні будуць і далей атрымліваць усялякую падтрымку расійскага кіраўніцтва. У Маскве перакананыя, што ўмацаванне і ўдасканаленне шматбаковага супрацоўніцтва адпавядае інтарэсам кожнай з дзяржаў — удзельніц СНД.

Лебедзеў праінфармаваў Пуціна пра дзейнасць Выканкама СНД, у прыватнасці па падрыхтоўцы восеньскіх пасяджэнняў Савета кіраўнікоў урадаў і Савета кіраўнікоў дзяржаў Садружнасці.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 20 ліпеня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-0/630/15231
Текущая дата: 19.11.2024