Белорусский портал в Казахстане

Беларусь была прадстаўлена на семінары ЕС па ацэнцы забруджвання паветра і выкідаў парніковых газаў ад дарожнага транспарту



Прадстаўнік Беларусі Таццяна Вішнявецкая ўдзельнічала ў семінары ЕС па прымяненні праграмнага забеспячэння COPERT 4 у ацэнцы забруджвання паветра і выкідаў парніковых газаў ад дарожнага транспарту, што прайшоў у Бялградзе.

Як паведамляецца на афіцыйным сайце інфармацыйнага цэнтра Еўрапейскай палітыкі суседства, семінар быў часткай праекта ЕС па кіраванні якасцю паветра ў межах інструмента Еўрапейскай палітыкі суседства ў краінах Усходняй Еўропы. Удзельнікі мерапрыемства даведаліся, як распрацоўваць рэестры забруджвальных выкідаў ад транспартнага сектара. Тыя з іх, хто прадставіў на семінар нацыянальныя даныя па забруджвальных выкідах, змаглі распрацаваць мадэлі такіх рэестраў падчас мерапрыемства.

Распрацоўка праграмнага забеспячэння каардынуецца Еўрапейскім агенцтвам па навакольным асяроддзі ў межах дзейнасці Еўрапейскага тэматычнага цэнтра па памяншэнні забруджвання паветра і змякчэнні змянення клімату.

Варта адзначыць, што 13 ліпеня Еўракамісія выступіла з новай ініцыятывай па зніжэнні да 2020 года выкідаў у атмасферу двухвокісу вугляроду легкавымі аўтамабілямі і малымі грузавікамі новага выпуску.

Як адзначыла еўракамісар па пытаннях клімату Коні Хедэгард, гэтыя прапановы дазволяць скараціць сярэднія выхлапы новых аўтамашын да 95 г двухвокісу вугляроду на 1 км да 2020 года (пры ўзроўні ў 135,7 г на 1 км у 2011 годзе). У ЕС таксама існуе абавязацельства знізіць выхлапы да 130 г CO2 на 1 км да 2015 года.

Узровень выхлапу лёгкіх грузавікоў, па дадзеных на 2010 год, складае 181,4 г на 1 км. Да 2017 году неабходна дасягнуць 175 г на 1 км, да 2020 года — 147 г на 1 км.

Анастасія Янушэўская, БелаПАН
Мінск, 17 ліпеня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-0/631/15160
Текущая дата: 19.11.2024