Белорусский портал в Казахстане

Спектакль Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы атрымаў вышэйшую ўзнагароду Маладзёжнага тэатральнага форуму краін СНД, Балтыі і Грузіі



Спектакль "Офіс" Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы атрымаў вышэйшую ўзнагароду Маладзёжнага тэатральнага форуму краін СНД, Балтыі і Грузіі, які праходзіў у Кішынёве (Малдова) з 6 па 13 чэрвеня.

Як паведамляецца ў прэс-рэлізе Купалаўскага тэатра, на працягу 2010—2011 года экспертны савет форуму прагледзеў больш чым 60 пастановак маладых рэжысёраў і лепшых з іх запрасіў да ўдзелу ў конкурснай праграме. Асноўнай падзеяй форуму стаў прагляд спектакляў 12 маладых рэжысёраў, кожны з якіх прайшоў нацыянальны адбор і атрымаў права прадстаўляць сваю краіну ў праграме міжнароднага конкурсу.

10 чэрвеня 2012 года Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы прадставіў на конкурсе спектакль "Офіс" паводле п`есы маладога нямецкага драматурга Інгрыд Лаўзунд у пастаноўцы Кацярыны Аверкавай. Міхаіл Зуй, Сяргей Рудзеня, Вольга Скварцова-Кавальская, Павел Харланчук і Вікторыя Чаўлытка расказалі гасцям фестывалю яркую гісторыю з жыцця пяці офісных супрацоўнікаў. Жанр спектакля вызначаны рэжысёрам як "бесхрыбетнасць у адной дзеі", і найлепшым чынам характарызуе сцэнічнае дзеянне, у якім чалавек становіцца вінцікам карпаратыўнай сістэмы, губляючы сваю індывідуальнасць.

На ўрачыстай цырымоніі закрыцця аўтарытэтнае журы конкурсу на чале з народным артыстам Латвіі рэжысёрам Адольфам Шапірам аб`явіла  спектакль "Офіс" лепшай работай маладога рэжысёра на постсавецкай прасторы. Спектакль атрымаў 1-е месца конкурснай праграмы і быў запрошаны да ўдзелу ў Міжнародным тэатральным фестывалі імя  Чэхава (Масква) і Міжнародным тэатральным фестывалі ў Тбілісі, якія пройдуць у 2013 годзе.

Маладзёжны тэатральны форум — маштабны праект, арганізаваны Міжнароднай канфедэрацыяй тэатральных саюзаў і Міжнародным тэатральным фестывалем імя Чэхава пры дапамозе Тэатральнага саюза Малдовы і Міністэрства культуры Рэспублікі Малдова пад эгідай і пры ўдзеле Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва краін — удзельніц СНД.

Форум быў закліканы сабраць пад адным дахам маладое пакаленне тэатральных рэжысёраў, мастакоў, драматургаў і крытыкаў з Расіі, Беларусі, Украіны, Літвы, Латвіі, Грузіі, Арменіі, Азербайджана, Малдовы і Кыргызстана, якія маглі не толькі ўбачыць і ацаніць вынікі работы сваіх калег, але таксама знайсці магчымасць для далейшага прафесійнага супрацоўніцтва.

Сяргей Пульша, БелаПАН
Мінск, 19 чэрвеня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-0/636/14726
Текущая дата: 19.11.2024