Белорусский портал в Казахстане

На аўтадарожным пераходзе "Варшаўскі мост" сёння можна прастаяць ад чатырох да дванаццаці гадзін



Больш як 150 легкавых аўтамабіляў сабраліся на беларуска-польскай мяжы ў міжнародным аўтадарожным пункце пропуску "Брэст", паведаміў начальнік прэс-службы Брэсцкай пагранічнай групы Аляксандр Кіслоў.

Машыны на пераходзе, які больш вядомы як "Варшаўскі мост", пачалі збірацца яшчэ вечарам 29 красавіка. Да раніцы на мяжы, паводле слоў Кіслова, ужо выстраілася сур`ёзная чарга. Паводле яго ацэнкі, з больш як паўтары сотні аўтамабіляў у чарзе на выезд з Беларусі толькі 5% накіроўваюцца на адпачынак.

Прапускная здольнасць "Брэста" складае 1.200 аўтамабіляў у адзін бок за суткі, а чэргі ствараюцца, калі на аўтадарожны пункт пропуску адначасова прыбываюць больш як сто аўтамабіляў. Такім чынам, пры такой чарзе, якая назіраецца зараз, аўтамабілі могуць прастаяць на мяжы ад 4 да 12 гадзін.

Толькі для таго, каб даехаць да тэрыторыі пераходу, аўтамабілісты адстаялі ў чарзе чатыры-пяць гадзін. Сітуацыя даволі наэлектрызаваная, асабліва калі нехта спрабуе аб`ехаць чаргу, як гэта машына з расійскім нумарам.

Чакаецца, што з наступленнем мая чэргі на беларуска-польскай мяжы стануць меншымі, бо з 1 па 3 мая ў Польшчы адзначаюць дзяржаўныя святы (Свята працы і Дзень Канстытуцыі). Большасць гандлёвых аб`ектаў гэтымі днямі ў Польшчы будуць зачынены, а значыць, паток беларусаў, якія едуць у суседнюю краіну ў асноўным за пакупкамі, знізіцца.

БелаПАН, 30 красавіка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-0/646/13928
Текущая дата: 18.11.2024