Белорусский портал в Казахстане

Сталая рада АБСЭ абмеркавала сытуацыю ў Беларусі



Сталая рада Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе абмеркавала 16 чэрвеня ў Вене справаздачу пра сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, прадстаўленую дакладчыкам Эмануэлем Дэка ў рамках «Маскоўскага мэханізму» АБСЭ. Пра гэта паведамляе прэс-служба АБСЭ.

«Беларусь абавязана паважаць свае міжнародныя абавязальніцтвы ў рамках АБСЭ і ААН і пагадзіцца на поўны і сталы маніторынг незалежнымі арганізацыямі захаваньня правоў чалавека», — гаворыцца ў дакладзе.

Пасьля прадстаўленьня дакладу адбылося яго абмеркаваньне з удзелам усіх дэлегацый краін-удзельніц АБСЭ. Амбасадар Літвы, старшыня Сталай рады арганізацыі Рэнатас Норкус адзначыў:

«Нягледзячы на розныя ацэнкі, якія былі выказаны сёньня, старшынства перакананае ў неабходнасьці дыялёгу і выкананьня Беларусьсю сваіх абавязальніцтваў у рамках АБСЭ».

На пачатку красавіка 14 краін—сяброў АБСЭ заклікалі Беларусь да супрацоўніцтва зь місіяй міжнародных экспэртаў, якая павінна сабраць факты для расьсьледаваньня дзеяньняў, зьвязаных з падаўленьнем пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году, і наступных падзей. Гэтая прапанова была зроблена ў рамках схемы АБСЭ — «Маскоўскі мэханізм».

Гэтая схема была ўхвалена ўсімі сябрамі АБСЭ, уключаючы Беларусь. Аднак Беларусь адмовілася ад супрацоўніцтва ў рамках «Маскоўскага мэханізму».

16 чэрвеня 2011
Радыё Свабода

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-0/703/7224
Текущая дата: 17.11.2024