Белорусский портал в Казахстане

Радыёоскар – Беларускай Свабодзе!



Сёньня ў Вашынгтоне абвешчаны ляўрэаты галоўнай узнагароды Рады амэрыканскага замежнага вяшчаньня – прыза Дэвіда Бэрка «За Выдатную Журналістыку».

Прыз, які носіць імя першага кіраўніка Рады, уручаецца на знак прызнаньня сьмеласьці, сумленнасьці і прафэсіяналізму журналістаў – супрацоўнікаў Радыё Свабода, Голасу Амэрыкі, Радыё Свабодная Азія, Радыё Марці, Блізкаўсходняга вяшчаньня.

Рада замежнага вяшчаньня ЗША адзначыла працу Беларускай службы ў год прэзыдэнцкіх выбараў . Журналісты выконвалі свой прафэсійны абавязак нягледзячы на шматлікія перашкоды, запалохваньні, затрыманьні, зьбіцьцё.

Рэпартажы беларускай службы Радыё Свабода перадаваліся і цытаваліся СNN, BBC, Нацыянальным грамадзкім радыё ЗША, New York Times, Washington Post, Wall Street Journal, Foreign Affairs,  Atlantic, Economist, шырока распаўсюджваліся ў сацыяльных сетках. У перадачах радыё бралі ўдзел вядучыя палітыкі і інтэлектуалы сьвету, былыя прэзыдэнты ЗША і Чэхіі, міністры, сэнатары, філёзафы, дысыдэнты. Шматкроць узрасла аўдыторыя «Свабоды», яе актыўнасьць.

«Журналістыка ў Беларусі сёньня – удзячная і небясьпечная прафэсія. Я ганаруся сваімі калегамі, якія, нягледзячы на ўсе перашкоды, аддана і сумленна выконваюць свой прафэсійны абавязак – апэратыўна, дакладна, поўна асьвятляюць і аналізуюць падзеі, -- сказаў у слове ў адказ дырэктар беларускай службы Аляксандар Лукашук.

Некалі Васіль Быкаў казаў, што слуханьне Свабоды стала для яго звычкай і патрэбай душы. “Свабода” ў Беларусі ўжо даўно больш чым радыё – гэта і інтэрнэт, і кнігі, і тэлеперадачы, і, галоўнае, гэта давер. Давер многіх і многіх дзесяткаў тысячаў людзей як самая галоўная ўзнагарода, на якую можа разьлічваць журналіст».

3 чэрвеня 2011
Радыё Свабода


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-0/704/6906
Текущая дата: 17.11.2024