Белорусский портал в Казахстане

Да ўсіх рэактараў АЭС "Фукусіма-1" падвялі электрычнасць



Да ўсіх шасці рэактараў аварыйнай станцыі АЭС "Фукусіма-1" падведзены сілавыя кабелі, а ў залу кіравання трэцяга рэактара адноўлена падача святла, паведамляюць інфармагенцтвы. Спецыялісты спадзяюцца, што цяпер стане магчымым хутчэйшае аднаўленне сістэмы ахаладжэння трэцяга рэактара.

Прадстаўнік МАГАТЭ заявіў, што ў пераадоленні наступстваў аварыі на "Фукусіме-1" намеціліся пазітыўныя зрухі, аднак у цэлым сітуацыя ўсё яшчэ застаецца сур`ёзнай.

Японскія ўлады заявілі, што выпрамяненне радыяцыі на станцыі прадаўжаецца. Крыніцу выпрамянення, аднак, пакуль не ўдаецца вызначыць. Сёння мясцовыя СМІ паведамілі, што колькасць радыеактыўнага ёду ў марской вадзе ў раёне АЭС "Фукусіма-1" перавысіла норму ў 147 разоў і прадаўжае расці. Павышанай застаецца колькасць радыеактыўных рэчываў у водаправоднай вадзе ў прэфектурах Фукусіма і Тыба. У той жа час сёння нармалізавалася колькасць ёду на ачышчальнай станцыі "Канамаці" такійскага водаправода. Напярэдадні там была выяўлена канцэнтрацыя ёду-131 вышэйшая за ліміт, устаноўлены для дзяцей ва ўзросце да года.

Што датычыцца сырога малака і 11 відаў агародніны, забруджаных радыеактыўным рэчывам у прэфектуры Фукусіма, Міністэрства аховы здароўя Японіі распаўсюдзіла папярэджанне, якое заклікае людзей не ўжываць гэтыя прадукты харчавання. Раней японскі ўрад увёў забарону на продаж малака і агародніны, атрыманых у месцах, блізкіх да аварыйнай АЭС.

Між тым многія краіны ўзмацняюць кантроль за імпартам тавараў з Японіі. Першай дзяржавай, якая абмежавала ўвоз прадуктаў з Японіі, сталі ЗША. Затым такое ж рашэнне прынялі і шэраг азіяцкіх краін. Еўропа пакуль больш спакойна ставіцца да праблемы бяспекі японскіх прадуктаў па прычыне адносна малых аб`ёмаў харчовага імпарту з гэтай краіны. Для самой Японіі абмежаванні на экспарт яе харчовых тавараў наносяць немалы эканамічны ўрон. Паводле розных даных, доля прадуктаў харчавання ў сукупным экспарце Японіі вагаецца ад 0,6 працэнта да 1 працэнта. У 2010 годзе Японія імпартавала прадуктаў харчавання на $53 млрд.

БЕЛТА

24 сакавіка 2011


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-0/713/5375
Текущая дата: 16.11.2024