Белорусский портал в Казахстане

Прэс‑канферэнцыя К.Бакиева



Курманбек Бакіеў: Расію не задавальняла і раздражняла амерыканская база ў Кыргызстане.

Зрынуты 7 красавіка прэзідэнт Кыргызстану Курманбек Бакіеў у пятніцу адказаў на пытанні беларускіх журналістаў. За паўгадзіны да пачатку прэс‑канферэнцыі будынак, дзе знаходзіцца Нацыянальны прэс‑цэнтр, быў ачэплены спецслужбамі. Меры бяспекі былі прынятыя адпаведныя.

У самім будынку ў журналістаў правяралі сумкі, быў асабісты надгляд. Яшчэ перад прыходам Бакіева да журналістаў выйшаў мужчына, які прадставіўся супрацоўнікам службы бяспекі прэзідэнта. Ён папрасіў карэспандэнтаў знаходзіцца на сваіх месцах, а то «бываюць выпадкі, калі ў прэзідэнтаў кідаюць ботамі».

Найперш Бакіеў абрысаваў сітуацыю, якая ўтварылася ў ягонай краіне. Па словах былога прэзідэнта, «нічога не папярэднічала перавароту і незадаволенасці грамадзян. У краіне не было рэвалюцыйнай сітуацыі».

«Мы ведалі, што апазіцыя рыхтуе мітынгі, і былі абсалютна спакойнымі, бо прывыклі да іх», — кажа К.Бакіеў. Ён лічыць, што за апошнія пяць гадоў у Кыргызстане было зроблена больш, чым за ўсе папярэднія гады незалежнасці. У якасці прыкладаў былі прыведзеныя адрамантаваныя і пабудаваныя дарогі, школы, бальніцы, прадпрыемствы.

Бакіеў заявіў, што не збіраецца адмаўляцца ад пасады прэзідэнта Кыргызстана, але і вяртацца ў краіну ў якасці кіраўніка дзяржавы не будзе.

Што да заявы аб складанні з сябе прэзідэнцкіх паўнамоцтваў, дадзенай падчас знаходжання ў Казахстане, то Бакіеў заявіў, што гэта заява была дадзена пад гарантыі бяспекі яго сям’і, а таксама з мэтай не дапусціць беспарадкаў і кровапраліцця ў краіне.

Але паколькі гэтыя ўмовы не былі выкананыя, то ён адмаўляецца ад такой заявы. Паводле Бакіева, у яго былі тэлефонныя размовы з прэзідэнтам Казахстана Нурсултанам Назарбаевым і расійскім прэм’ерам Уладзімірам Пуціным. І менавіта Пуцін настаяў на тым, каб Бакіеў напісаў заяву пра адстаўку.

Але ўмовы бяспекі не былі выкананыя, таму 21 красавіка ў Мінску Бакіеў заявіў, што адстаўкі не прызнае. «Я не трымаюся за фатэль прэзідэнта, але знаходзячыся ў Беларусі, гатовы аказаць усялякую падтрымку народу Кыргызстана», — сказаў былы кіргізскі прэзідэнт.

На пытанне, ці маюць дачыненне да яго звяржэння расійскія спецслужбы, Бакіеў заявіў: «Чаму ніхто не ўзгадвае тут Кітай і ЗША?».

Экс‑кіраўнік Кыргызстана кажа, што з Кітаем у яго краіны былі добрыя дачыненні, тое ж тычыць і ЗША. Бакіеў зазначыў, што Расія — Пуцін і Мядзведзеў — ніяк не маглі пагадзіцца з тым, што ЗША маюць сваю вайсковую базу «Манас». «Як гэта так, такая маленькая краіна і праводзіць сваю незалежную пазіцыю? — задаўся рытарычным пытаннем Бакіеў. — У СССР за нас усё вырашала Масква. Такі сіндром у іх яшчэ застаўся».

«Расію раздражняла і не задавальняла амерыканская база», — падкрэсліў ён.

«Расія нам абяцала вялікую дапамогу — крэдыты, гранты. Абяцала не кінуць у бядзе. І толькі мы прынялі рашэнне пазбавіцца базы, на наступны дзень усе дзяржавы рэгіёну заявілі, што гатовы прапанаваць свае тэрыторыі амерыканцам для баз. Гэта было для мяне вялікай аплявухай», — сказаў Бакіеў.

«Амерыканцы пайшлі на вялікія саступкі, і мы пакінулі базу. Гэта моцна не спадабалася расійскаму кіраўніцтву. Яны былі абураныя. У расійскіх СМІ сітуацыя ў Кыргызстане асвятлялася вельмі аднабакова. Усё звальвалі на ўладу. Не магу наўпрост сказаць, што падзеі ў нашай краіне справа рук расійскіх спецслужб. Трэба ствараць міжнародную камісіі па расследаванню», — зазначыў экс‑прэзідэнт.

Курманбек Бакіеў выказаў вялікую ўдзячнасць Аляксандру Лукашэнку. «Ніякай рэакцыі АДКБ не было. Такое бяздзеянне ні да чаго добрага не прывядзе. Аляксандр Лукашэнка паступіў глыбока прыстойна і мужна. Гэта павага не толькі да мяне, але да ўсяго кіргізскага народу. Іншыя маўчаць. У думках, магчыма, і падтрымліваюць, але баяцца гэта выказваць, бо можа паўтарыцца, як са мной. Ім не хапае мужнасці».

Па словах Бакіева, усе ягоныя сваякі, што знаходзіліся на дзяржаўных пасадах, займалі іх справядліва. Бо якасна і добра выконвалі сваю працу. «Калі б мне трэба было красці грошы, то чужымі рукамі было б зручней гэта рабіць, чым рукамі ўласнага сына», — таксама Бакіеў абверг чуткі, што разам з сабой у Мінск ён прывёз 200 мільёнаў даляраў. Па ягоных словах, ніводзін банк у такіх экстрэмальных умовах не мог бы выдаць яму такую гіганцкую суму грошай.

«Нідзе прытулку я прасіць не буду. Так пытанне не стаіць. Ураду ў выгнанні ствараць не буду. Колькі буду знаходзіцца ў Беларусі не ведаю, яшчэ не вырашыў», — зазначыў К.Бакіеў.

23 красавіка 2010    Зміцер Панкавец     Наша Ніва

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-0/770/538
Текущая дата: 24.11.2024