Белорусский портал в Казахстане

ААН просіць суседзяў не закрываць межаў з Кіргізстанам Узбэцкія ўцекачы на мяжы ў надзеі трапіць ва Ўзбэкістан



Арганізацыя Аб’яднаных Нацый заклікала Кіргізстан зрабіць “хуткія і рашучыя захады” для спыненьня этнічных забойстваў на поўдні краіны, паблізу мяжы з Узбэкістанам. Як паведамлялася раней, у выніку сутыкненьняў у Ошаўскай і Джалал-абадзкай абласьцях ня менш як 170 чалавек былі забіты і больш за 1700 параненыя.

Паводле Нэві Пілэй, вярхоўнага камісара ААН у пытаньнях правоў чалавека, забойствы і гвалт, якія адбываюцца па этнічнай прыкмеце, праўдападобна, “арганізаваныя, мэтанакіраваныя і прадуманыя”. Паводле ААН, колькасьць узбэкаў, якія ўцяклі ад перасьледу, можа перавысіць лічбу 100 тысяч. Вось сьведчаньні адной з уцякачак, этнічнай узбэчкі:

“Яны раней сказалі нам, што тут Кіргізія, і толькі кіргізы тут будуць жыць, яны гэта падрыхтавалі...”

Пасьля таго, як Узбэкістан прыняў каля 45 тысяч уцекачоў, ён зачыніў свае межы, спасылаючыся на немагчымасьць справіцца з такім масавым прытокам людзей. ААН заклікае Ўзбэкістан і Таджыкістан трымаць свае межы адкрытымі.

Часовы ўрад Кіргізстану пад кіраўніцтвам Розы Атунбаевай паўтарае свае заявы пра тое, што за непарадкамі стаяць прыхільнікі Бакіева. Так, паводле намесьніка кіраўніка часовага ўраду Алмазьбека Атамбаева, сям’я Бакіева фінансавала пагромы і можа паспрабаваць разьвязаць падобныя акцыі ў іншых рэгіёнах:

“Падзеі ў Ошы былі настолькі прадуманыя, настолькі зрэжысэраваныя, што цяпер мы павінны чакаць нейкіх правакацыяў у Бішкеку, у Чуйскай вобласьці, але мы да іх добра рыхтуемся”.

Атамбаеў асабліва падкрэсьлівае ролю Максіма Бакіева, які ў панядзелак, 14 чэрвеня, быў арыштаваны ў Вялікабрытаніі, калі прыляцеў туды, як мяркуецца, у пошуках прытулку.

Кіргіскія прадстаўнікі на просьбу нашага радыё таксама пракамэнтавалі заявы некаторых эўрапейскіх кіраўнікоў пра этнічныя чысткі ў Кіргізстане. Пра “спробы этнічных чыстак” гаварыў, у прыватнасьці, вярхоўны пасланьнік АБСЭ Кнут Валебаек. Намесьнік кіраўніка часовага ўраду Амурбек Тэкебаеў у інтэрвію кіргіскай службе нашага радыё заявіў, што гэтыя заявы “фальшывыя” і стварылі няправільнае разуменьне сытуацыі ў краіне. Паводле прадстаўнікоў мясцовых уладаў у Джалал-Абадзе, каля 2 тысячаў этнічных узбэкаў і іншых уцекачоў ужо вярнуліся дадому. Нашыя карэспандэнты таксама паведамляюць, што сярод насельніцтва вобласьці распаўсюджваецца гуманітарная дапамога, паколькі рынкі і крамы былі зачыненыя ў апошнія дні.

Сакратар Рады бясьпекі Кіргізстану Алік Арозаў удакладняе, што гуманітарныя грузы захоўваюцца на лётнішчы Манас. Ёсьць праблемы пераправіць грузы ў Ош – многія лётчыкі баяцца туды ляцець і патрабуюць дадатковых гарантыяў бясьпекі.

Дзярждэпартамэнт ЗША паведаміў, што накіроўвае свайго высокапастаўленага дыплямата Робэрта Блэйка ў рэгіён. Ён вылятае сёньня ў Ташкент, а затым у Фэрганскую даліну на мяжу з Кіргізстанам. У Бішкеку Блэйк павінен правесьці кансультацыі з часовым урадам Кіргізстану.

Радыё Свабода 16.06.2010 Алена Ціхановіч

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-0/773/1057
Текущая дата: 24.12.2024