Белорусский портал в Казахстане

Вяртанне культурных каштоўнасцей



17 чэрвеня пасольства ФРГ у Мінску перадало Нацыянальнай бібліятэцы 498 выданняў, вывезеных з тэрыторыі Беларусі ў гады Другой сусветнай вайны.

Сярод іх — 497 кніг і часопісаў па біялогіі і батаніцы, выдадзеных на лацінскай, нямецкай, французскай, рускай, беларускай і ўкраінскай мовах у канцы XIX — пачатку XX стагоддзяў.

Інвентарныя штампы сведчаць пра тое, што першапачаткова гэтыя выданні знаходзіліся ў навуковых бібліятэках Беларусі, прычым большасць — у Беларускім сельскагаспадарчым інстытуце ў Горках Магілёўскай вобласці (зараз — Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія). У 1943 годзе кнігі і часопісы трапілі ў Берлін, а пасля Другой сусветнай вайны — у бібліятэку і архіў Батанічнага сада і музея Свабоднага універсітэта Берліна.

Гідраграфічны атлас Расійскай імперыі 1832 года, які першапачаткова знаходзіўся ў фондах бібліятэкі Беларускага воднага камітэта ў Мінску, перадаў бібліятэцы Цюбінгенскі універсітэт імя Эберхарда і Карла.

Адкрываючы цырымонію, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Раман Матульскі зазначыў, што бібліятэкі Беларусі ўпершыню атрымліваюць такі буйны дар дзякуючы пасольству ФРГ і Свабоднаму універсітэту Берліна. Ён выказаў шкадаванне, што звычайна на ўсе запыты аб вывезеных кніжных фондах краіны прыходзяць стандартныя адказы: бібліятэка знішчана, згарэла, разбурана, вывезена або лёс яе невядомы. Матульскі падкрэсліў, што дар нямецкага боку сведчыць аб гатоўнасці дзвюх краін да актыўнага супрацоўніцтва.

Паводле слоў пасла ФРГ доктара Гебхарта Вайса, вяртанне кніг у Беларусь з`яўляецца своеасаблівым адказам на тое, што здарылася ў гады Другой сусветнай вайны. Агрэсія Германіі ва Усходняй Еўропе была вайной на знішчэнне, сказаў дыпламат. Паводле планаў нацысцкіх ідэолагаў, Беларусь павінна была стаць зонай для людзей другога і трэцяга рангу. Вось чаму тут разрабавалі культурныя каштоўнасці, у тым ліку фонды бібліятэк, сказаў пасол. "І таму так важна гэтае вяртанне як акт аднаўлення права і знак павагі да людзей Беларусі", — зазначыў Вайс.

Намеснік міністра культуры Тадэвуш Стружэцкі назваў дар "актам добрай волі і важным сігналам для іншых" у вырашэнні праблемы рэстытуцыі айчынных культурных каштоўнасцей.

Мінск, 17 чэрвеня 2010    Марат Гаравы, БелаПАН 

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-0/773/1063
Текущая дата: 25.12.2024