Белорусский портал в Казахстане

Беларусь паставіць у Бразілію першую партыю трактароў



Беларусь выходзіць на рынак Бразіліі па пастаўках тэхнікі. У хуткім часе сюды будзе пастаўлена першая партыя беларускіх трактароў. Такая дамоўленасць была дасягнута ў час наведвання беларускай дэлегацыяй на чале з першым намеснікам прэм`ер-міністра Уладзімірам Сямашкам бразільскага штата Гаяс і сустрэчы з губернатарам штата Алсідэсам Радрыгесам Філью

Беларусь выходзіць на рынак Бразіліі па пастаўках тэхнікі. У хуткім часе сюды будзе пастаўлена першая партыя беларускіх трактароў. Такая дамоўленасць была дасягнута ў час наведвання беларускай дэлегацыяй на чале з першым намеснікам прэм`ер-міністра Уладзімірам Сямашкам бразільскага штата Гаяс і сустрэчы з губернатарам штата Алсідэсам Радрыгесам Філью.

Не пазней за май спецыяльна створаная рабочая група са спецыялістаў дзвюх краін прадставіць адпаведную праграму. У Бразілію будзе пастаўлена на выпрабаванне першая партыя трактароў з тым, каб у далейшым прыстасаваць іх да ўмоў работы ў Бразіліі. "Гэта не павінна зацягнуцца. Нам неабходна правесці выпрабаванні да лета, а да восені выйсці на кантракт. Гэта будуць або сезонныя пастаўкі, або стварэнне сумеснага прадпрыемства, што больш верагодна", - адзначыў Уладзімір Сямашка. Ён таксама дадаў, што гэты рынак вельмі перспектыўны, паколькі Бразілія штогод мае патрэбу ў 45-50 тыс. трактароў.

"Бразілія - вельмі багатая краіна з пункту гледжання сыравінных крыніц. Для яе важна мець і самую перадавую кар`ерную тэхніку, і тэхніку для работы ў шахтах, гэта значыць усё тое, што мае сёння БелАЗ, якому належыць 30 працэнтаў сусветнага рынку", - сказаў Уладзімір Сямашка. "Мы дамовіліся тут дзейнічаць па такой жа схеме, як і з МТЗ. Да канца года мы павінны вырашыць гэта пытанне, каб для нас адкрыўся гэты вялікі рынак", - адзначыў першы віцэ-прэм`ер.

Абмяркоўвалася таксама пытанне пастаўкі і іншай беларускай тэхнікі. Бразільскі бок цікавіць і прадукцыя беларускага падшыпнікавага завода. Актыўна на гэтым рынку прысутнічае прадукцыя ААТ "Белшына". Бакі дамовіліся, што на працягу месяца будуць аформлены адпаведныя кантракты, і пастаўкі гэтай прадукцыі ўзрастуць да $54 млн. (пастаўкі шын упалі з $24 млн. у 2008 годзе да $2 млн. у 2009-м).

Як растлумачыў Уладзімір Сямашка, для дынамічнага развіцця сельскай гаспадаркі на вялікіх тэрыторыях патрэбна сучасная тэхніка. Так, толькі ў штаце Гаяс у год збіраецца 15 млн. т збожжавых (у Беларусі - 9 млн. т), вырошчваецца 22 млн. галоў жывёлы (у Беларусі на ўзроўні 6 млн.). "У Бразіліі прысутнічае тэхніка ўсіх вядучых фірм. Вядома, у гэтым сэнсе мы тут крыху адсталі ў тым плане, што наш МТЗ не прысутнічае на гэтым рынку", - канстатаваў першы віцэ-прэм`ер, адзначыўшы, што пакупнікамі тэхнікі МТЗ з`яўляюцца больш як 85 краін свету.

Бразілія - вядучая краіна па аб`ёмах закупак беларускіх калійных угнаенняў. У 2008 годзе сюды было пастаўлена амаль 2 млн. т калійных угнаенняў, у мінулым годзе ў сувязі з крызісам пастаўкі знізіліся да 1,2 млн. т. У бягучым годзе падпісаны ўжо кантракты на пастаўку 2,1 млн. т, што складае 35 працэнтаў бразільскага рынку. Як падкрэсліў Уладзімір Сямашка, аб`ёмы паставак будуць нарастаць, пры гэтым неабходна адпрацаваць больш аптымальныя схемы, у тым ліку і па разліках.

У Беларусі таксама ёсць свой інтарэс. Бразілія - адна з вядучых эканомік і развітая ў прамысловых адносінах краіна. Таму Беларусь зацікаўлена ў закупцы многіх відаў прамысловай прадукцыі. Выгадны нашай краіне і закупкі ў Бразіліі соевага шроту, што дасць магчымасць адысці ад пасрэднікаў і дзейнічаць напрамую.

22 сакавіка, Рыо-дэ-Жанейра /БЕЛТА/.

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-0/782/329
Текущая дата: 23.12.2024