Белорусский портал в Казахстане

Беларусь, як еўрапейская дзяржава, зацікаўленая ў моцнай і адзінай Еўропе, моцным трансатлантычным партнёрстве



Пра гэта, як паведамляе прэс-службы беларускага прэзідэнта, заявіў Аляксандр Лукашэнка 6 лістапада на сустрэчы ў Мінску з прадстаўнікамі аналітычных цэнтраў ЗША.

"Гэта асноўная апора нашай планеты, і не дай бог яе разбурыць, — сказаў Лукашэнка. — Мы ўпэўненыя, што ад згуртаванасці краін у рэгіёне і захавання ваенна-палітычнай ролі ЗША ў еўрапейскіх справах залежыць бяспека ўсяго кантынента. І тут мы не перабольшваем. Без Амерыкі мы тут, на жаль, не вырашым ніводнае пытанне, у тым ліку ўкраінскі канфлікт".

Лукашэнка таксама адзначыў: "Разумеючы, што наша бяспека наўпрост залежыць ад сітуацыі вакол нас, мы робім намаганні, каб стабілізаваць рэгіянальнае становішча, а не разгойдваць яго, не напружваць. У цяперашніх умовах любыя дзеянні, якія парушаюць далікатны статус-кво ў рэгіёне, багатыя чарговым вітком эскалацыі, што абавязкова закране і нашу краіну".

Кіраўнік дзяржавы прапанаваў удзельнікам сустрэчы казаць адкрыта, задаваць адзін аднаму самыя смелыя і нечаканыя пытанні. 

"Спадзяюся, што гэтая гутарка дапаможа, перш за ўсё вам, зразумець наша бачанне той цяжкай ваенна-палітычнай сітуацыі, якая склалася тут — у цэнтры Еўропы. Разлічваю, што вашы каментары дазволяць нам разабрацца ў падыходах заходняга свету, перш за ўсё ЗША і Паўночнаатлантычнага альянсу, да нашай краіны і рэгіёна ў цэлым, — сказаў ён. — Калі паводле вынікаў сустрэчы мы хоць крыху наблізімся да лепшага разумення адзін аднаго, можна будзе смела сказаць, што мы з вамі выканалі сваю місію".

Лукашэнка назваў "вельмі няпростай" ваенна-палітычную сітуацыю ва Усходняй Еўропе. "На жаль, з гэтага становішча няма відавочнага выйсця, — сказаў ён. — Палітыкі, якія знаходзяцца ў палоне сваёй рыторыкі, не могуць дамовіцца. Вайскоўцы, як заўсёды, спадзяюцца на лепшае, але вымушаныя рыхтавацца да горшага. У гэты ж час зусім побач — ва Украіне — працягваюць гінуць людзі. Ваш цяперашні статус і фармат нашай сустрэчы дазваляюць адкрыта абмеркаваць найгалоўнейшыя пытанні нашага рэгіёна".

Кажучы пра дыялог з Захадам, Лукашэнка адзначыў: "Аднаўляючы нармальныя адносіны з ЗША, падтрымліваючы добрасуседскія сувязі з Еўрапейскім саюзам, пашыраючы партнёрства з НАТА, Беларусь імкнецца да выбудоўвання раўнапраўнага дыялогу з усімі. Мы выступаем за павышэнне адкрытасці і развіццё ўзаемаразумення ў межах ўмацавання рэгіянальнай бяспекі".

Паводле яго слоў, значную ўвагу Беларусь надае праблемным пытанням з дзяржавамі-суседзямі. "Гаворка ідзе як пра краіны — члены НАТА, так і пра тых, хто не ўваходзяць у склад альянсу", — сказаў ён.

Пры гэтым Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь знаходзіцца паміж двума найбуйнейшымі цэнтрамі сілы. "Вам як экспертам не толькі ў сферы знешняй палітыкі, але і ў ваенна-палітычных пытаннях не трэба тлумачыць, чым можа пагражаць нам любая ваенная канфрантацыя паміж Захадам і Усходам, — сказаў ён. — Наша краіна катэгарычна не зацікаўленая ў канфліктах — ні ў гарачых, ні ў замарожаных. Ні ў суседзяў, ні тым больш на сваёй тэрыторыі".

Лукашэнка таксама адзначыў, што ваенная дактрына Беларусі мае выключна абарончы характар. "Мною не раз адзначалася, што з нашага боку ніколі не будзе зыходзіць пагроза суседзям", — заявіў ён.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 6 лістапада 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-1/1/45502
Текущая дата: 29.03.2024