Белорусский портал в Казахстане

Польскія сілавікі забівалі на граніцы валанцёраў



25-гадовы Эміль Чэчка збег, бо не вынес усяго таго, што робіцца на польскім баку граніцы.

«Паблізу беларуска-польскай граніцы на ўчастку пагранічнай заставы «Тушэмля» Гродзенскай пагранічнай групы беларускім пагранічным нарадам у пагранічнай паласе быў спынены ваеннаслужачы Узброеных сіл Польшчы Чэчка Эміль 1996 года нараджэння. Мужчына заявіў, што з`яўляецца ваеннаслужачым 16-й Паморскай механізаванай дывізіі імя караля Казіміра, часці якой былі перакінуты для забеспячэння аховы ўчастка граніцы з Беларуссю ў перыяд дзеяння надзвычайнага становішча на прыгранічных тэрыторыях Польшчы», — распавялі ў Дзяржпагранкамітэце. Там дадалі, што ў сувязі з нязгодай з палітыкай Польшчы адносна міграцыйнага крызісу і практыкай негуманнага абыходжання з бежанцамі вайсковец папрасіў палітычнага прытулку ў Беларусі.

Пасля Эміль Чэчка распавёў у эфіры тэлеканала «Беларусь 1» аб прычынах свайго ўчынку. «Я дэзерціраваў з арміі праз калючы дрот, парваў штаны, параніў руку, перабег праз нейтральную паласу і ўбачыў, што едзе польскі патруль. Я зняў форму і без адзення абходным шляхам пабег у бок Беларусі. Я вырашыў пакінуць польскую армію менавіта такім спосабам, таму што немагчыма маўчаць аб тым, што творыцца на тэрыторыі Польшчы», — расказаў Эміль Чэчка.

Паводле яго слоў, ён не згодны з палітыкай сваёй дзяржавы. «Сядзеў каля агню, нічым не займаўся і думаў аб тым, што адбывалася ў гэтых лясах апошнія месяцы. Мы спачатку прыехалі, нам сказалі, што будзем стаяць каля пагранічных слупоў. У адзін момант пачалі прыязджаць да нас мужчыны з контрразведкі. Яны проста стаялі, часам толькі да каго-небудзь чапляліся, каб салдаты прывыкалі да таго, што да іх праяўляюць агрэсію. Калі салдат выходзіў некуды, яны правяралі дакументы без прычыны, гаварылі яму глупствы, хоць разумелі, што ён не можа нічога адказаць, — тыповая дэманстрацыя перавагі», — сказаў ваеннаслужачы.

«Я быў у такой сітуацыі, калі пад`язджаў які-небудзь валанцёр і пачынаў гаварыць: «Куды вы іх [бежанцаў] ведзяце?» А пагранічнік проста стрэліў яму ў лоб. Я бачыў як мінімум дзве такія сітуацыі», — паведаміў вайсковец.

«Пасля ўсяго, што яны зрабілі, каб ні адзін салдат не збег, яны паспрабуюць замяць гэту справу, зрабіць з мяне самага дрэннага чалавека, гаворачы, што я ствараю праблемы ў арміі або што наогул я загінуў. Гэта відавочна», — дадаў Эміль Чэчка.

Што, дарэчы, і распачалося. «У салдата, які знік учора, былі сур`ёзныя праблемы з законам, і ён падаў заяву аб звальненні з войска. Ён памылкова быў накіраваны на службу на граніцу. Я ўжо запатрабаваў тлумачэнняў, хто вінаваты», — заявіў міністр абароны Польшчы Марыуш Блашчак. Калі гэта насамрэч так, то ўзнікае шэраг пытанняў да кіраўніка абароннага ведамства. Калі інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці, то да Блашчака таксама шэраг пытанняў. Міністр сам сябе загнаў у кут.

Страта маральнасці — асноўнае паражэнне Польшчы ў міграцыйным крызісе. Такое меркаванне ў сваім тэлеграм-канале апублікаваў дырэктар Цэнтра па праблемах еўрапейскай інтэграцыі палітычны аналітык Юрый Шаўцоў.

«Наконт польскага салдата, які збег у Беларусь. Хутка яго інтэрв`ю пойдуць у медыя. Але калі справа ў тым, што не вытрымаў удзелу ў «барацьбе» з нелегальнымі мігрантамі, то асабліва няма чаму здзіўляцца. Ён служыў якраз на тым напрамку, дзе ішоў і збольшага яшчэ ідзе асноўны паток пераходаў праз граніцу. Калі адштурхоўвацца ад ацэначнай лічбы ў 250 загінулых на польскай граніцы, то на гэты напрамак павінна прыйсціся 150-200 загінулых. 200 чалавек называе ў адным інтэрв`ю і мэр мясцовага гарадка», — адзначыў эксперт.

Паводле яго слоў, у Польшчы дастаткова моцна развіўся грамадскі рух у дапамогу бежанцам. «У асноўным гэта вельмі паслядоўныя каталікі і лібералы, якія супрацьстаяць адзін аднаму па іншых тэмах. На сілавым сектары гэтая сітуацыя ў нейкі момант павінна адбіцца абавязкова. Страта польскай знешняй палітыкай маральнасці — гэта ўвогуле асноўнае паражэнне Польшчы ў міграцыйным крызісе. Засталіся ў Польшчы ў ідэалогіі знешняй палітыкі голы нацыяналізм і геапалітычны інтарэс», — перакананы Юрый Шаўцоў.

Пракаментаваў інфармацыю ў сваім тэлеграм-канале і палітычны аналітык Аляксандр Шпакоўскі. «Вось ужо і перабежчыкі пайшлі. Хутка з`явяцца таксама «вяртанцы», якія будуць выкрываць «збеглых» і іх куратараў», — адзначыў эксперт. З`явілася і першая рэакцыя ад палітыкаў Польшчы. Так, польскі еўрадэпутат ад партыі «Грамадзянская кааліцыя» Дарыуш Расаці на сваёй старонцы ў Twіtter напісаў: «Крызіс на польска-беларускай граніцы. Польскі салдат папрасіў прытулку ў Беларусі. Беларусь з`яўляецца бастыёнам свабоды ў параўнанні з Польшчай і кіруючай партыяй «Права і справядлівасць».

Аўтар: Пётр Дунько
Звязда, 17 снежня 2021

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-1/115/62377
Текущая дата: 20.11.2024