Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі пракаментавалі чуткі аб жаданні Захаду сарваць выбранне краіны ў склад Савета бяспекі ААН



Прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Анатоль Глаз пракаментаваў журналістам працэс вылучэння Беларусі ў склад непастаянных членаў Савета бяспекі ААН і магчымыя спробы Захаду сарваць выбранне беларускага боку. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе МЗС.

Анатоль Глаз нагадаў, што Беларусь яшчэ з 2007 года з`яўляецца адзіным кандыдатам ад Усходнееўрапейскай рэгіянальнай групы ў склад непастаянных членаў Савета бяспекі ААН на 2024-2025 гады. Выбары павінны адбыцца ў 2023 годзе.

"Члены нашай групы, як правіла, не выстаўляюць паралельна свае канкурэнтныя кандыдатуры пры зробленым загадзя вылучэнні іншых. Такі джэнтльменскі падыход, таму заяўкі распісаны ўжо да 2051 года. У сувязі з гэтым мы вядзём работу ў планавым парадку ў адпаведнасці са стратэгіяй выбарнай кампаніі. У выпадку выбрання Беларусь будзе пашыраць у СБ ААН у якасці асноўнага прыярытэту ідэю аб запуску шырокага міжнароднага дыялогу для аднаўлення даверу і ўмацавання бяспекі", - расказалі ў МЗС.

У міністэрстве адзначылі, што пры гэтым беларускі бок, безумоўна, ведае, што ў цяперашняй сітуацыі спецыяльна, каб сарваць ход выбарнай кампаніі, краінамі Захаду можа быць вылучаны кандыдат-спойлер.

"У гэтым выпадку, зразумела, ні аб якім самастойным рашэнні гэтага кандыдата вылучыцца ў склад СБ ААН, тым больш у такія кароткія тэрміны, не можа ісці і размовы. Гэта будзе такая марыянетачная кандыдатура на злосць Беларусі, якая будзе абапірацца на магутную падтрымку заходніх краін у сваёй кампаніі. Для большасці дзяржаў - членаў ААН такі расклад будзе відавочны, таму што будзе створаны яўна палітызаваны прэцэдэнт", - звярнуў увагу прэс-сакратар ведамства.

8 снежня 2021, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-1/117/62124
Текущая дата: 19.11.2024