Белорусский портал в Казахстане

Ваенная актыўнасць, якая развязана нашымі суседзямі каля граніц Беларусі, па сілах, сродках і маштабах ніяк не звязана з міграцыйным крызісам



Аб гэтым заявіў міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін.

"На ўчарашняй нарадзе галоўнакамандуючым Узброенымі Сіламі Беларусі была пастаўлена задача на комплекснае прасочванне сітуацыі па перыметры граніцы рэспублікі. У рамках яе выканання мы дэталёва вывучаем абстаноўку на зямлі і ў паветры. Задзейнічаны сілы і сродкі радыётэхнічнай, радыёэлектроннай, радыёлакацыйнай разведкі і шэраг іншых складнікаў для комплекснай ацэнкі і аналізу абстаноўкі", - сказаў Віктар Хрэнін.

Міністр канстатаваў як факт, што тая ваенная актыўнасць, развязаная суседзямі ў непасрэднай блізкасці да беларускіх граніц, па сілах, сродках і маштабах ніяк не звязана з міграцыйным крызісам.

"Мы адзначаем актывізацыю ваеннай дзейнасці на гродзенскім напрамку. Паблізу дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь, на яе заходніх рубяжах, створана групоўка колькасцю звыш 15 тыс. чалавек. Яна ўключае ў сябе падраздзяленні і органы кіравання ад дзвюх брыгад тэрытарыяльнай абароны. Акрамя таго, адзначана разгортванне сіл і сродкаў і складу 16-й механізаванай дывізіі ПС Польшчы ў раёне населенага пункта Кузніца.

Задзейнічаны таксама сродкі ППА, разгорнута групоўка сіл спецыяльных аперацый, падрыхтавана база для нарошчвання групоўкі на гэтым напрамку. З гэтай мэтай разгорнута 12 палявых лагераў для размяшчэння польскіх ваеннаслужачых і тэхнікі. Таксама адзначана ваенная актыўнасць на беларуска-літоўскім напрамку", - адзначыў ён.

"Узаемадзеянне па лініі разведвальных органаў з Расійскай Федэрацыяй пацвярджае нашы высновы. Ствараецца ўражанне, што нашы суседзі на Захадзе, у прыватнасці Польшча, у рамках вырашэння сваіх унутрыпалітычных праблем, а таксама праблем унутры Еўрасаюза, гатовы развязаць канфлікт, у які хочуць уцягнуць Еўропу. У сувязі з гэтым хацелася б перасцерагчы "гарачыя галовы": не пераацэньваць свае магчымасці. Мова ўльтыматумаў, пагроз і шантажу непрымальна, - падкрэсліў Віктар Хрэнін. - Узброеныя Сілы Беларусі гатовы адказаць жорстка на любыя выпады.

Створаная сістэма рэагавання на пагрозы і выклікі дае магчымасць нам гарантаваць бяспеку краіны, у тым ліку пры неабходнасці з нашым галоўным стратэгічным саюзнікам - Расіяй. Мы гатовы абараніць рубяжы Саюзнай дзяржавы і ў самы кароткі тэрмін стварыць неабходную групоўку войскаў на любым напрамку.

Спробы запалохаць нас і беспадстаўна абвінаваціць прымушаюць нас рэагаваць адэкватна на гэту сітуацыю".

12 лістапада 2021, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-1/119/61488
Текущая дата: 08.10.2024