Белорусский портал в Казахстане

Беларускія палярнікі правялі паспяховую паветраную грузавую аперацыю і прыступілі да навуковых даследаванняў



Пра гэта паведаміў у Прэзідыум НАН Беларусі начальнік 13-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі (13-ая БАЭ) Аляксей Гайдашоў.

Аляксей Гайдашоў праінфармаваў, што была праведзена паветраная грузавая аперацыя па дастаўцы асабістага складу і грузаў з борта навукова-даследчага судна «Акадэмік Трэшнікаў» на Беларускую антарктычную станцыю «Гара Вячэрняя» (БАС «Гара Вячэрняя»). З борта судна выканана восем верталётных рэйсаў, якімі на БАС дастаўлена дзесяць беларускіх спецыялістаў і 19 тон экспедыцыйных грузаў, уключаючы навуковае і прыродаахоўнае абсталяванне, сродкі транспарту і сувязі, прадукты харчавання, авіяцыйнае паліва, запасныя часткі, рамонтныя і расходныя матэрыялы.

«Паветраная грузавая аперацыя праводзілася ў кругласутачным рэжыме. Страт, пашкоджанняў грузаў не маецца. Цеснае ўзаемадзеянне расійскіх экіпажаў і супрацоўнікаў 13-й БАЭ забяспечыла правядзенне паветранай грузавой аперацыі на высокім прафесійным узроўні і ў кароткія тэрміны», — падкрэсліў Аляксей Гайдашоў.

На Беларускай антарктычнай станцыі «Гара Вячэрняя» выканана разгортванне асноўных сістэм жыццезабеспячэння, транспартных сродкаў і сувязных камунікацый, праведзена нарыхтоўка прэснай вады.

«Асабісты склад БАЭ здаровы і прыступіў да выканання навуковых праграм, разгортванні сістэм дыстанцыйнага маніторынгу прыроднага асяроддзя Антарктыкі, мантажы і ўводу ў эксплуатацыю дастаўленага тэхналагічнага і прыродаахоўнага абсталявання», гаворыцца ў паведамленні.

Нагадаем, 19 кастрычніка НАН Беларусі быў дадзены ўрачысты старт трынаццатай Беларускай антарктычнай экспедыцыі. У гэтым годзе на лядовы кантынент адправіліся дзесяць удзельнікаў — спецыялісты, якія ўжо пабывалі ў Антарктыдзе (пяць чалавек), і пачаткоўцы. Членаў экспедыцыі чакае нялёгкая шматмесячная работа па нарошчванню будаўніцтва ўласнага дома на берагах Антарктыкі — Беларускай антарктычнай станцыі «Гара Вячэрняя», а таксама па правядзенні навуковых даследаванняў у рамках дзяржаўнай праграмы па вывучэнню Антарктыкі.

Сяргей Расолька
Звязда, 29 снежня 2020

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-1/144/57873
Текущая дата: 08.10.2024