Белорусский портал в Казахстане

Міністр замежных спраў Расіі лічыць, што замежныя куратары пратэстаў у Беларусі разумеюць іх бессэнсоўнасць, але не могуць спыніцца



Аб гэтым Сяргей Лаўроў сказаў 12 лістапада падчас анлайн-прэс-канферэнцыі

«Я думаю, што нават тыя, хто спрабуе патранаваць гэтаму беларускаму пратэсту, ужо разумеюць бессэнсоўнасць гэтай задумы, але, на жаль, спыніцца не могуць», — адзначыў Сяргей Лаўроў.

Кіраўнік МЗС РФ перакананы, што многія сілы на Захадзе зацікаўлены ў тым, каб напружаная сітуацыя ў Беларусі захоўвалася. «Хоць на кожным кутку яны заяўляюць, што гэта не спроба змяніць у Беларусі ўладу, не спроба ўбіць клін паміж Беларуссю і Расійскай Федэрацыяй, але ўсе гэтыя такія добрыя заклінанні не пацвярджаюцца практычнымі дзеяннямі, — адзначыў ён. — Беларуская апазіцыя вельмі актыўна фінансуецца, вельмі актыўна падбухторваецца да таго, каб займаць менавіта такую ​​бескампрамісную лінію».

Паводле слоў Сяргея Лаўрова, ёсць і многае іншае «з таго, што робіцца звонку для падтрымання канфрантацыйнай атмасферы». Ён падкрэсліў, што з-за мяжы ідуць не проста патокі грошай для фінансавання пратэстаў у Беларусі. «Але і распаўсюджваюцца інструкцыі, мы іх бачылі, — сказаў ён. — Інструкцыі аб тым, як вырабляць запальныя сумесі і выбуховыя рэчывы. Тыя ж самыя кактэйлі Молатава і многае іншае».

«Наша пазіцыя вельмі простая. Неабходна перастаць умешвацца ва ўнутраныя справы Беларусі, неабходна стымуляваць усіх беларусаў, уключаючы апазіцыю, да ўдзелу ў працэсе палітычнага ўрэгулявання», — заявіў кіраўнік расійскага знешнепалітычнага ведамства.

Паводле яго слоў, беларускія ўлады даволі выразна абазначылі гатоўнасць да дыялогу, прапанаваўшы правесці канстытуцыйную рэформу. Пры гэтым ён адзначыў, што прыкметнае зніжэнне пратэснай актыўнасці ў Беларусі сведчыць аб разуменні людзьмі неабходнасці пераходзіць да канструктыўнага дыялогу. Разам з тым Сяргей Лаўроў канстатаваў: апазіцыянеры, якія знаходзяцца за мяжой, такога разумення не дэманструюць. «На жаль, апазіцыя, якая цяпер працуе з-за мяжы — з Вільнюса, з Варшавы — займае іншую пазіцыю, яна не хоча ніякага дыялогу, ніякай канструктыўнай контрпраграмы ў яе няма», — падкрэсліў ён.

Звязда, 12 лістапада 2020

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-1/154/56902
Текущая дата: 07.10.2024