Белорусский портал в Казахстане

Калі ў краіне дапусцілі адну каляровую рэвалюцыю - будзе і другая



Такое меркаванне выказаў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Алег Гайдукевіч, каментуючы сітуацыю ў Кыргызстане пасля парламенцкіх выбараў.

"Калі ў краіне дапусцілі адну каляровую рэвалюцыю - будзе і другая, - сказаў Алег Гайдукевіч. - Растлумачу чаму. Здарылася рэвалюцыя, дзяржпераварот. Але калі адным можна рабіць рэвалюцыю, чаму нельга іншым? Значыць, гэта будзе зноў праз год або два. І мы гэта бачым у краінах постсавецкай прасторы. Вазьміце Украіну. Колькі ўжо там было каляровых рэвалюцый і пераваротаў? Тое ж самае Кыргызстан. Я цяпер не буду гаварыць аб тым, што ўсе ведаюць. Кланавасць, барацьба сем`яў, барацьба поўнач-поўдзень - гэта ўсё ёсць. Але самае галоўнае - яны дапусцілі ўсё гэта адзін раз".

Парламентарый падкрэсліў, лёс краіны не павінен вырашацца на вуліцы.

"І яшчэ адзін момант - знешнепалітычны. Вядома, не бывае такіх супадзенняў. Паглядзіце, Беларусь - спроба каляровай рэвалюцыі і ўмяшання звонку. Цяпер - Нагорны Карабах, Кыргызстан. Мы добра бачым, што вакол Расіі спрабуюць стварыць зону нестабільнасці. Гэта ўсё геапалітычнае процістаянне. Цяпер у свеце яно абвастрылася. Наперадзе выбары ў ЗША. І там яшчэ невядома, што будзе. Цяпер ідзе геапалітычны перадзел свету, барацьба за зоны ўплыву. І Беларусь знаходзіцца ў цэнтры ўсяго гэтага, таму што мы еўрапейская дзяржава, - адзначыў ён. - Якім наш павінен быць парадак дня, што мы павінны рабіць? Першае - гэта кансалідацыя ўнутры краіны, палітычныя рэформы, змяненне Канстытуцыі. Другое - не дапускаць ўмяшання звонку. І трэцяе - мы павінны разам з Расіяй умацоўваць саюзныя адносіны, разумеючы, што яны значаць і што знаходзіцца на коне. І самае важнае - ўмацаванне саюзных адносін умацоўвае наш суверэнітэт".

6 кастрычніка 2020, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-1/160/56339
Текущая дата: 07.10.2024