Белорусский портал в Казахстане

Сустрэча ў Варшаве сакратароў саветаў бяспекі ЗША, Польшчы, Украіны і Беларусі цалкам упісваецца ў мінскія ініцыятывы па пашырэнні міжнароднага дыялогу



Аб гэтым 3-га верасня паведаміў дзяржсакратар Савета бяспекі Беларусі Станіслаў Зась.

Станіслаў Зась заклікаў "не шукаць у гэтай сустрэчы скрытых сэнсаў, не будаваць канспіралагічных тэорый".

"Гэта сустрэча цалкам упісваецца ў нашы мінскія ініцыятывы па пашырэнні міжнароднага дыялогу з мэтай забеспячэння міру і бяспекі", - сказаў ён.

Сустрэча сакратароў саветаў бяспекі ЗША, Польшчы, Украіны і Беларусі ў Варшаве прайшла ў апошніх чыслах жніўня па ініцыятыве замежных калег, дадаў Станіслаў Зась.

Сустрэчу дзяржсакратар Савета бяспекі назваў "добрай магчымасцю паслухаць адзін аднаго, самім выказацца аб праблемах, якія існуюць у рэгіёне і свеце, пагрозах рознага характару".

"Не магу сказаць, што ўсе нашы ацэнкі і меркаванні супалі, але тым больш, патрэбны такі дыялог", - падкрэсліў ён.

"Беларусь яшчэ раз пацвердзіла, што мы застаёмся прыхільнікамі мірнага ўрэгулявання ўсіх спрэчных праблемных пытанняў, якія існуюць у свеце, палітыка-дыпламатычным спосабам і ніякім іншым", - адзначыў Станіслаў Зась.

Беларусь пацвердзіла сваю гатоўнасць усямерна садзейнічаць гэтаму працэсу, рэзюмаваў дзяржсакратар.

3 верасня 2019, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-1/189/49788
Текущая дата: 06.10.2024