Белорусский портал в Казахстане

Аляксандр Лукашэнка на саміце АДКБ гаварыў аб мірных ініцыятывах і глабальных пагрозах



Прэзідэнт Беларусі ў сваім выступе на саміце Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы ў Бішкеку зрабіў акцэнт на мірных ініцыятывах і глабальных пагрозах бяспецы.

Кіраўнік дзяржавы спыніўся на асобных аспектах, найбольш актуальных для Беларусі. Ён, у прыватнасці, выказаў заклапочанасць у сувязі з глабальным палітычным і эканамічным процістаяннем паміж вядучымі сусветнымі дзяржавамі, адзначыў фактары, здольныя нанесці сур`ёзны ўрон усёй існуючай сістэме міжнароднай бяспекі.

Аляксандр Лукашэнка згадаў аб спыненні дзеяння Дагавора аб ракетах сярэдняй і меншай далёкасці, назваўшы гэта неапраўданым і небяспечным. Таму Беларусь выступіла з прапановай прыняць шматбаковую палітычную Дэкларацыю адказных краін аб неразмяшчэнні ракет сярэдняй і меншай далёкасці ў Еўропе. 

"Бачым у гэтай ініцыятыве магчымасць аднаўлення даверу ў рэгіёне", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Актуальнай застаецца і яшчэ адна беларуская ініцыятыва аб аднаўленні шырокага дыялогу па пытаннях міжнароднай бяспекі. 

"З улікам горкіх урокаў гісторыі Беларусі мы таксама заклікаем аднавіць шырокі дыялог па пытаннях міжнароднай бяспекі па аналогіі з Хельсінкскім працэсам. Накіраваць яго на пераадоленне існуючых супярэчнасцей ва ўзаемаадносінах паміж дзяржавамі на агульнай прасторы ў Еўра-Атлантыцы і Еўразіі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

У сваю чаргу беларускі бок гатовы да больш дэталёвага іх абмеркавання ў фармаце АДКБ. "Тым больш сёння, калі на фоне разбурэння механізмаў кантролю над узбраеннямі мы фіксуем паэтапнае нарошчванне ваенных патэнцыялаў, пашырэнне ваеннай інфраструктуры ў Еўрапейскім рэгіёне. Па сутнасці, размова ідзе аб адкрытай, а галоўнае беспадстаўнай мілітарызацыі заходніх рубяжоў зоны адказнасці АДКБ", - падкрэсліў беларускі лідар.

За апошнія гады групоўка НАТА, якая ўключае кантынгент ЗША, у суседніх з Беларуссю краінах вырасла ў разы. Пры гэтым канцэнтрацыя баявой тэхнікі і асабовага складу адбываецца ў непасрэднай блізкасці ад граніцы Беларусі. Акрамя таго, побач праводзяцца буйнамаштабныя шматнацыянальныя вучэнні альянсу.

"Новая гонка ўзбраенняў нам не патрэбна", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым актуальным рызыкаўтваральным фактарам застаецца высокая ступень напружанасці ў міжнародных адносінах. Іншай тэндэнцыяй апошняга часу стаў рост пратэснага руху і масавых беспарадкаў у шэрагу краін, у тым ліку стабільных. Нестабільнасці дабаўляюць факты санкцыйнай палітыкі, праводзімай у абход міжнароднага права, гібрыднае знешняе ўздзеянне.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, рэгіянальныя ўзброеныя канфлікты, у тым ліку тлеючага характару, застаюцца адной з асноўных крыніц палітычных, ваенных і тэрарыстычных пагроз, нелегальнай міграцыі, незаконнага транзіту зброі. У гэтым кантэксце ён спыніўся на сітуацыі ва Украіне, на ўсходзе якой пяты год ужо прадаўжаецца ўзброенае процістаянне, гінуць людзі, сярод якіх і мірныя жыхары.

Беларусь вітае прагрэс, які намеціўся ў пытаннях выканання мінскіх пагадненняў, і пачатак канструктыўнага дыялогу ў рамках трохбаковай кантактнай групы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сітуацыя вакол зоны адказнасці АДКБ і на планеце ў цэлым істотна перайначваецца. 

"Перакананы, што наша арганізацыя павінна адэкватна і своечасова рэагаваць на новыя выклікі і пагрозы, дэталёва і комплексна аналізаваць абстаноўку, выпрацоўваць адпаведныя прапановы і ініцыятывы, - сказаў беларускі лідар. - З`яўляючыся важным механізмам забеспячэння бяспекі ў Еўразійскім рэгіёне, АДКБ павінна паступальна пашыраць знешнепалітычны напрамак, умацоўваць свой міжнародны аўтарытэт".

Прэзідэнт таксама выказаўся за ўмацаванне міжнароднага аўтарытэту АДКБ, пашырэнне яе ўзаемадзеяння з іншымі арганізацыямі. Гэтаму ў тым ліку можа паслужыць рэалізацыя прынятага па ініцыятыве Беларусі рашэння аб юрыдычным афармленні статусу "Партнёра" арганізацыі, а таксама "Наглядальніка" пры АДКБ. Прыцягненне да дзейнасці арганізацыі надзейных саюзнікаў у першую чаргу магло б садзейнічаць павышэнню эфектыўнасці калектыўных намаганняў у барацьбе з тэрарызмам, наркапагрозамі, у забеспячэнні ваеннай бяспекі.

У Бішкеку была агучана яшчэ адна ініцыятыва Беларусі. Кіраўнік дзяржавы лічыць, што ў сферы забеспячэння ваеннай бяспекі дзяржаў - членаў АДКБ, разам з планамерным развіццём ваеннага сегмента арганізацыі, захоўваецца актуальнасць выхаду на прамы і раўнапраўны дыялог з Паўночнаатлантычным альянсам. Гэта асабліва актуальна з улікам таго, што гэтыя дзве ваенна-палітычныя структуры адказваюць за забеспячэнне бяспекі на прасторы ад Ванкувера да Уладзівастока. У той жа час, напрыклад, паміж АДКБ і АБСЕ ідзе рэгулярны і канструктыўны дыялог.

Неабходна больш цесна працаваць і з ААН, лічыць Аляксандр Лукашэнка.Беларускі бок таксама лічыць мэтазгодным нарошчваць антытэрарыстычны патэнцыял АДКБ.

Асабліва падкрэслена, што сярод прыярытэтных напрамкаў дзейнасці АДКБ павінна трывала замацавацца забеспячэнне інфармацыйнай бяспекі. Існуючыя пагрозы бяспецы ўказваюць на неабходнасць пашырэння міждзяржаўнага супрацоўніцтва і павышэння ўзаемнага даверу ў інфармацыйнай сферы. У сувязі з гэтым Беларусь прапануе сфарміраваць пояс лічбавага добрасуседства, накіраваны на разрадку напружанасці ў інфармацыйнай сферы, устанаўленне агульных правіл адказных паводзін бакоў у віртуальнай прасторы.

28 лістапада 2019, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-1/196/50712
Текущая дата: 17.11.2024