Белорусский портал в Казахстане

Літва з 17 чэрвеня адмяняе каранцін



Урад Літвы прыняў рашэнне з 17 чэрвеня адмяніць каранцін, уведзены ў сярэдзіне сакавіка ў сувязі з пандэміяй каранавіруса, паведамляе газета "Літоўскі кур`ер".

Паводле слоў міністра аховы здароўя краіны Аўрэліюса Вярыгі, рашэнне аб адмене каранціну прынята з улікам паступовага паляпшэння эпідэміялагічнай сітуацыі з COVID-19 як у Літве, так і ў дзяржавах Еўропы. Міністр адзначыў, што колькасць новых выпадкаў захворвання на каранавірус у Літве скарачаецца з канца красавіка.

Урад Літвы 10-га чэрвеня на пасяджэнні таксама ўнёс змяненні ў пастанову аб экстрэмальнай сітуацыі, якая была аб`яўлена ў краіне 26 лютага. У дакумент унесены палажэнні аб прыбыцці замежных грамадзян у краіну, прадастаўленні паслуг, арганізацыі работы ўстаноў гандлю, грамадскага харчавання, адпачынку, культуры, забаў, спорту. У прыватнасці, у пастанове прапісваецца, што замежным грамадзянам дазволена прыбываць у Літву з еўрапейскіх дзяржаў, у якіх за апошнія 14 дзён колькасць захворванняў на COVID-19 на 100 тыс. жыхароў не перавышае 25 выпадкаў.

У пастанове таксама гаворыцца, што дзейнасць прадпрыемстваў гандлю, паслуг, забаў і адпачынку, грамадскага харчавання, рэстаранаў, кафэ, бараў, начных клубаў, ігральных дамоў павінна весціся пры захаванні бяспечнай сацыяльнай дыстанцыі.

10 чэрвеня 2020, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-1/2/54041
Текущая дата: 03.05.2024