Белорусский портал в Казахстане

Міністр аховы здароўя Конга падаў у адстаўку на фоне ўспышкі ліхаманкі Эбола



Кіраўнік Міністэрства аховы здароўя Дэмакратычнай Рэспублікі Конга (ДРК) Олі Ілунга падаў у адстаўку на фоне ўспышкі ліхаманкі Эбола ў краіне, паведамляе Reuters.

Раней прэзідэнт ДРК Фелікс Чысекедзі аб`явіў аб рашэнні адхіліць міністра аховы здароўя і яго памочнікаў ад кіравання кампаніяй супраць ліхаманкі Эбола.

Кіраўнік дзяржавы таксама арганізаваў міжведамасную групу па барацьбе з захворваннем, якая будзе даваць непасрэдна яму справаздачу.

Олі Ілунга ў знак пратэсту падаў у адстаўку. У сваім прашэнні кіраўнік Міністэрства аховы здароўя асудзіў умяшанне ў кіраванне кампаніяй і раскрытыкаваў рашэнне аб прымяненні вакцыны Johnson & Johnson, якая, на яго думку, не даказала сваёй эфектыўнасці.

Цяпер у Конга прымяняецца вакцына кампаніі Merck.

Паводле даных Reuters, больш як за год успышка ліхаманкі Эбола ў Конга забрала жыцці больш як 1,7 тыс. чалавек. Яна стала другой па маштабах за ўсю гісторыю краіны.

22 ліпеня 2019, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-1/202/48912
Текущая дата: 17.11.2024