Белорусский портал в Казахстане

Следчы камітэт Беларусі і ФБР ЗША падпісалі мемарандум аб узаемаразуменні



Пра гэта паведамілі ў Следчым камітэце.

Дэлегацыя беларускага следчага ведамства на чале са старшынёй Іванам Наскевічам у час рабочага візіту ў ЗША 30 студзеня наведала штаб-кватэру ФБР у Вашынгтоне.

Там прайшоў шэраг сустрэч з прадстаўнікамі бюро.

"Разглядаліся праблемы процідзеяння арганізаванай злачыннасці, расследавання злачынстваў з прымяненнем насілля, барацьбы з карупцыяй і правапарушэннямі ў сферы высокіх тэхналогій.

Акрамя таго, з прадстаўніком аддзела генеральнага саветніка абмеркавана тэма міжнароднага супрацоўніцтва", - расказалі ў камітэце.

Таксама 30 студзеня адбылася рабочая сустрэча старшыні Следчага камітэта Івана Наскевіча і намесніка дырэктара ФБР ЗША Пола Эбейта. Ён кіруе адным з шасці асноўных падраздзяленняў бюро. У падраздзяленне ўваходзяць упраўленні, якія адказваюць за расследаванне федэральных крымінальных злачынстваў, злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій, міжнародныя аперацыі, група экстраннага рэагавання і аддзел дапамогі ахвярам злачынстваў.

"Па выніках сустрэчы Івана Наскевіча і Пола Эбейта быў падпісаны мемарандум аб узаемаразуменні. У дакуменце бакі адзначылі ўзаемную зацікаўленасць у заключэнні дагавора аб прававой дапамозе па крымінальных справах", - праінфармавалі ў ведамстве.

Афіцыйная паездка дэлегацыі Следчага камітэта прадоўжыцца 31 студзеня. На гэту дату запланавана наведванне галоўнага вучэбнага цэнтра ФБР ЗША - Акадэміі ФБР у штаце Вірджынія.

Узаемадзеянне Следчага камітэта Беларусі і ФБР ЗША набыло канструктыўны і ўзаемавыгадны характар. Бакі эфектыўна супрацоўнічаюць у ходзе міжнародных спецыяльных аперацый па выяўленні і спыненні злачынстваў, асабліва ў сферы высокіх тэхналогій.

Цяперашні стан спраў дае магчымасць гаварыць аб перспектывах паслядоўнага развіцця двухбаковых адносін.

31 студзеня 2018, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-1/220/42404
Текущая дата: 18.11.2024