Белорусский портал в Казахстане

У навагоднім звароце Кім Чэн Ын заявіў пра «неабходнасьць» масава вырабляць ядзерныя боегалоўкі



Лідэр Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын заявіў, што КНДР «завяршыла» працэс станаўленьня ядзернай дзяржавай. Пра гэта ён сказаў у тэлезвароце з нагоды Новага года

«Мы завяршылі стварэньне нацыянальных ядзерных сілаў нашай краіны. Усе Злучаныя Штаты знаходзяцца ў межах дыяпазону нашай ядзернай зброі, і на маім стале заўсёды знаходзіцца ядзерная кнопка. Гэта рэальнасьць, а не пагроза», — сказаў Кім Чэн Ын.

Ён заявіў пра «неабходнасьць» масава вырабляць ядзерныя боегалоўкі і балістычныя ракеты і паскараць іх разгортваньне. Лідэр КНДР дадаў, што ён будзе выкарыстоўваць такое зброю толькі ў выпадку пагрозаў бясьпецы.

Акрамя таго, Кім Чэн Ын выказаўся за дыялёг са сваім супернікам — Паўднёвай Карэяй. Ён заявіў, што шлях для дыялёгу з мэтай паляпшэньня сувязяў паміж Пхеньянам і Сэулам — «адкрыты»

«Калі казаць пра адносіны паміж Паўночнай і Паўднёвай Карэяй, то мы павінны зьнізіць ваенную напружанасьць на Карэйскім паўвостраве, каб стварыць мірную абстаноўку», — сказаў Кім. «І Поўнач, і Поўдзень павінны прыкладаць для гэтага намаганьні».

Кім Чэн Ын паведаміў, што разглядае магчымасьць адпраўкі паўночнакарэйскай каманды для ўдзелу ў зімовых Алімпійскіх гульнях, заплянаваных на 9-25 лютага ў паўднёвакарэйскім горадзе Пхенчхан. Паводле яго словаў, абмеркаваць гэтае пытаньне могуць службовыя асобы дзьвюх краінаў.

«Удзел Паўночнай Карэі ў зімовых гульнях стане добрай магчымасьцю паказаць адзінства народа, і мы хочам, каб гульні былі пасьпяховыя», — сказаў ён.

Прэзыдэнт Паўднёвай Карэі Мун Чжэ Ін заявіў, што ўдзел спартоўцаў з Паўночнай Карэі гарантуе бясьпеку гульняў.

Паўднёвая Карэя зьяўляецца саюзьнікам Злучаных Штатаў, на яе тэрыторыі разьмешчаныя тысячы амэрыканскіх вайскоўцаў.

Злучаныя Штаты і Паўночная Карэя ўступілі ў «вайну» заяваў, якая ўзмацняецца кожны раз, калі Пхеньян выпрабоўваў свае балістычныя ракеты і ядзерную зброю ў парушэньне рэзалюцыяў ААН.

У верасьні прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у сваім выступе перад ААН паабяцаў «цалкам зьнішчыць» Паўночную Карэю, калі тая будзе пагражаць ЗША і іх саюзьнікам. Вашынгтон таксама стаў галоўным ініцыятарам узмацненьня фінансавых санкцыяў у дачыненні да Паўночнай Карэі. Пхеньян у адказ назваў гэта «актам вайны».

Адмірал і былы старшыня Аб’яднанага камітэту начальнікаў штабоў ЗША Майк Мален у інтэрв’ю тэлеканалу ABC 31 сьнежня заявіў, што Злучаныя Штаты «як ніколі раней, блізкія да ядзернай вайны з Паўночнай Карэяй», улічваючы жорсткую рыторыку лідэраў абедзьвюх краін.

Радыё Свабода, 1 студзеня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-1/222/41900
Текущая дата: 18.11.2024