Белорусский портал в Казахстане

У Адэсе па падазрэнні ў актыўным удзеле ў масавых беспарадках 2 мая 2014 года, якія прывялі да гібелі людзей, затрыманы 37-гадовы грамадзянін Беларусі



Пра гэта паведамляе прэс-служба пракуратуры Адэскай вобласці.

Зламыснік, які хаваўся ад следства пад чужым прозвішчам за межамі Украіны, быў знойдзены і затрыманы на мінулым тыдні ў доме яго сваяка, які пражывае ў Адэсе.

Па хадайніцтве пракуратуры Адэскай вобласці 8 ліпеня Прыморскі раённы суд выбраў для затрыманага меру стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай. У ходзе расследавання ўстаноўлена, што мужчына, хаваючы твар пад маскай-балаклавай і каскай, браў актыўны ўдзел у масавых беспарадках на Грэчаскай плошчы 2 мая 2014 года. Яму прад`яўлена абвінавачанне па частцы 2 артыкула 294 Крымінальнага кодэкса Украіны (масавыя беспарадкі, якія прывялі да гібелі людзей).

Пра тое, што затрыманы з`яўляецца грамадзянінам Беларусі, УНІАН паведаміла інфармаваная крыніца ў Галоўным упраўленні Нацыянальнай паліцыі ў Адэскай вобласці.

2 мая 2014 года ў Адэсе ў выніку масавых беспарадкаў з удзелам прарасійскіх і праўкраінскіх актывістаў загінула 48 чалавек, пацярпела каля 300.

БелаПАН
Мінск, 10 ліпеня 2017

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-1/226/39944
Текущая дата: 18.11.2024