Белорусский портал в Казахстане

Латвія збіраецца ўмацоўваць мяжу з Беларуссю і Расіяй



Аб гэтым напярэдадні пасяджэння паведаміла ў інтэрв`ю балтыйскаму агенцтву BNS прэм`ер-міністр Латвіі Лаймдата Страўюма.

На пазачарговым пасяджэнні Савета Еўрасаюза, якое адбудзецца вечарам 23 верасня, Латвія збіраецца прасіць аб выдзяленні ёй дадатковых сродкаў на ўмацаванне і абуладкаванне ўсходняй мяжы. 

На ўсходзе і паўднёвым усходзе Латвія мяжуе з Расіяй і Беларуссю. Працягласць участка беларуска-латвійскай мяжы складае 177,5 км. 

Паводле слоў Страўюмы, на дадатковыя сродкі на ўсходняй мяжы плануецца збудаваць агароджу і іншыя перашкоды, а таксама ўстанавіць камеры відэасачэння. 

Са сваёй паўночнай суседкай Эстоніяй і паўднёвай — Літвой умацоўваць кантроль не плануецца, дадала прэм`ер-міністр. 

Пазачарговае пасяджэнне кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў краін Еўрасаюза скліканае прэзідэнтам Савета ЕС Дональдам Тускам для абмеркавання сітуацыі з бежанцамі і неабходнасці стварэння надзейнай еўрапейскай міграцыйнай палітыкі.

Лаймдата Страўюма на сённяшнім саміце таксама мае намер заявіць пра неабходнасць больш сур`ёзнага падыходу да вырашэння праблем міграцыі. Паводле яе слоў, вялікае значэнне маюць прычыны патоку бежанцаў у Еўропу. "Асабіста я рыхтуюся дастаткова цвёрда сказаць, што мы не можам кожны тыдзень прымаць нейкую колькасць бежанцаў, не задумваючыся аб прычынах", — падкрэсліла прэм`ер Латвіі.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 23 верасня 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-1/239/32710
Текущая дата: 10.05.2024