Белорусский портал в Казахстане

У Празе палітычны ўцякач зь Беларусі атрымаў 17 гадоў турмы за забойства



30-гадовы беларус Аляксандар Астапчук за леташняе забойства ў Празе асуджаны да 17 гадоў турмы з самым жорсткім рэжымам.

Адначасова суд адхіліў патрабаваньне пракурора дэпартаваць Астапчука на радзіму.

Пра гэта 7 чэрвеня інфармуе сайт газэты Lidové noviny.

Нягледзячы на тое, што Астапчук ужо быў тройчы асуджаны ў Чэхіі, яму прадстаўлены статус палітычнага ўцекача, паколькі, паводле інфармацыі чэскіх уладаў, на радзіме ён удзельнічаў у апазыцыйным руху.

Пакуль што прысуд не ўступіў у законную сілу, бо, паводле чэскіх законаў, асуджанаму даецца права яго абскардзіць.

16 ліпеня летась у цэнтры Прагі Аляксандар Астапчук нажом забіў жыхара Прагі латыскага паходжаньня, нанёсшы яму восем удараў у шыю і жывот. Канфлікт быў запісаны на камэры назіраньня і нават групай тэлебачаньня, якая непадалёк вяла здымкі дакумэнтальнага фільму. 34-гадовы латыш у бойцы перамог і зьбіраўся сысьці, але Астапчук напаў на яго з нажом.

Забойца і ахвяра былі знаёмыя і нават жылі ў адной кватэры. Канфлікт узьнік на глебе таго, што Астапчук пачаў заляцацца да новай сяброўкі латыша. Астапчук сьцьвярджаў, што ў раён аўтобуснага вакзалу Флярэнц какурэнт паклікаў яго, каб на словах і фізычна зь ім «разабрацца». Аднак дзяўчына гэта адкідае і кажа, што з Астапчуком бачылася некалькі разоў і той, нібыта, хацеў ёй прадаць скрадзеныя рэчы. Астапчук на гэта кажа, што дзяўчына маніць.

Астапчук на судзе сьцьвярджаў, што свой напад ня памятае і што хворы на шызафрэнію. Аднак чэскія псыхіятры пасьля абсьледаваньня заявілі, што падсудны хваробу мэтанакіравана сымулюе. Лекары лічаць нерэальнаю і практычна выключаюць магчымасьць вяртаньня Астапчука да нармальнага жыцьця ў грамадзтве. Ён ужо быў асуджаны за крадзеж, непадпарадкаваньне ўладам і за пашкоджаньне здароўя іншаму чалавеку.

Радыё Свабода
, 7 чэрвеня 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-1/241/35805
Текущая дата: 18.11.2024