Урад Армэніі 5 траўня ўхваліў законапраект аб прызнаньні незалежнасьці самаабвешчанай Нагорна-Карабахскай Рэспублікі (НКР).
Пра гэта паведамляе «Інтэрфакс».
У бліжэйшы час дакумэнт, падрыхтаваны прадстаўнікамі апазыцыйных фракцый, будзе накіраваны на разгляд парлямэнту Армэніі.
Раней Ерэван не прызнаваў незалежнасьць Нагорнага Карабаху, матывуючы гэта нежаданьнем шкодзіць перамоўнаму працэсу.
Нагорны Карабах, населены пераважна армянамі, абвясьціў аб выхадзе з складу Азэрбайджану ў 1991 годзе. Гэта прывяло да ўзброенага канфлікту, падчас якога Азэрбайджан страціў кантроль над тэрыторыяй.
У пачатку красавіка сытуацыя ў зоне карабахскага канфлікту рэзка абвастрылася. Тады прэзыдэнт Армэніі Серж Саргсян заявіў, што Ерэван гатовы прызнаць незалежнасьць Нагорнага Карабаху ў выпадку пашырэньня ваенных дзеяньняў Азэрбайджану супраць самаабвешчанай рэспублікі.
МЗС Азэрбайджану назваў абмеркаваньне законапраекту аб прызнаньні незалежнасьці НКР правакацыяй і абвінаваціў Армэнію ў грубым парушэньні нормаў і прынцыпаў міжнароднага права. У Баку падкрэсьліваюць, што ў сваіх рэзалюцыях Рада Бясьпекі ААН адназначна пацьвердзіла, што Нагорны Карабах зьяўляецца неад’емнай часткай Азэрбайджану, і запатрабаваў неадкладнага, поўнага і безумоўнага вываду войскаў з усіх акупаваных тэрыторый краіны.
Радыё Свабода, 5 траўня 2016, Менск
Радыё Свабода, 5 траўня 2016, Менск
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-1/243/35468
Текущая дата: 18.11.2024