Белорусский портал в Казахстане

Расія зацікаўленая ў "поўным выкананні ўсіх мінскіх дамоўленасцяў"



Аб гэтым заявіў прэзідэнт краіны Уладзімір Пуцін 8 красавіка на прэс-канферэнцыі ў Маскве па выніках сустрэчы з прэм`ер-міністрам Грэцыі Алексісам Цыпрасам.

"Мы, вядома, абмяняліся і меркаваннямі аб перспектывах адносін паміж Расіяй і ЕС. Расійскі бок падрабязна праінфармаваў нашых грэчаскіх сяброў пра сітуацыю на паўднёвым усходзе Украіны", — сказаў перад гэтым Пуцін, паведамляе прэс-служба Крамля. 

Грэцыя, дзе нядаўна змяніўся ўрад, зараз выступае супраць санкцый ЕС у дачыненні да Расіі, уведзеных у сувязі з анексіяй Крыма і падтрымкай сепаратыстаў на Данбасе. 

11 і 12 лютага ў Мінску прайшлі 17-гадзінныя перамовы лідараў Украіны, Германіі, Францыі і Расіі. Іх вынікам стала падпісанне новых дамоўленасцяў аб урэгуляванні сітуацыі на Данбасе. Першыя дакументы, на ўзроўні трохбаковай кантактнай групы Украіна — АБСЕ — Расія і прадстаўнікоў сепаратыстаў, былі ўхваленыя ў беларускай сталіцы ў верасні 2014 года, аднак іх выкананне было сарвана. 

Цяпер перамір`е ў асноўным выконваецца, аднак Кіеў заяўляе пра павелічэнне інтэнсіўнасці абстрэлаў з боку баевікоў.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН
Мінск, 8 красавіка 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-1/255/30500
Текущая дата: 18.05.2024