Белорусский портал в Казахстане

На сустрэчы ў Казахстане прэзідэнты краін СНД заявяць пра рашучасць задзейнічаць увесь наяўны патэнцыял для барацьбы з тэрарызмам



Пра гэта паведамляе прэс-служба Выканаўчага камітэта СНД.

На пасяджэнне Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД, якое пройдзе 16 кастрычніка ў Казахстане, уносіцца праект заявы аб барацьбе з міжнародным тэрарызмам.

У дакуменце выказваецца глыбокая заклапочанасць у сувязі з рэзкім ростам тэрарыстычнай актыўнасці экстрэмісцкіх груповак, якая нясе прамую пагрозу міжнароднаму міру і бяспецы, асуджаецца варварскае знішчэнне тэрарыстамі помнікаў гісторыі і культуры, рэлігійных святынь. 

Канстатуецца, што эфектыўнае процідзеянне тэрарызму магчымае на аснове міжнароднага права пры ролі ААН як каардынатара. У сувязі з гэтым усе члены сусветнай супольнасці заклікаюцца няўхільна выконваць патрабаванні антытэрарыстычных рэзалюцый Савета бяспекі і Генеральнай асамблеі ААН.

Падкрэсліваецца неабходнасць узгодненай працы па ўдасканальванні нацыянальных заканадаўстваў і міжнародна-прававых нормаў барацьбы з тэрарызмам, спыненні прапаганды насілля, нацыянальнай нецярпімасці і нянавісці.

Адзначаецца агульная рашучасць задзейнічаць увесь патэнцыял супрацоўніцтва ў межах СНД для своечасовага папярэджання і эфектыўнага супрацьстаяння пагрозам, якія зыходзяць ад тэрарыстычных груповак. 

У заключнай частцы праекта заявы выказваецца гатоўнасць да канструктыўнага ўзаемадзеяння ў барацьбе з тэрарызмам з усімі зацікаўленымі дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 12 кастрычніка 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-1/257/32934
Текущая дата: 06.11.2024