Белорусский портал в Казахстане

Падгрупа па бяспецы прадставіць трохбаковай кантактнай групе па Украіне два варыянты пагаднення аб адводзе ўзбраенняў у Данбасе



Пра гэта паведамляе Луганскі інфармацыйны цэнтр са спасылкай на прадстаўніка самаабвешчанай Луганскай народнай рэспублікі на перамовах Уладзіслава Дзяйнегу.

Да пасяджэння трохбаковай кантактнай групы па Украіне ў Мінску 26 жніўня падгрупа па бяспецы прадставіць два варыянты тэксту пагаднення аб адводзе ўзбраенняў калібрам меншым за 100 мм ад лініі сутыкнення ў Данбасе. 

Паводле яго слоў, гэта будзе першапачатковы тэкст пагаднення з указаннем у ім рознагалоссяў бакоў па асобных раздзелах і другі варыянт, "на якім настойвае Украіна, пасля таго як яна адмовілася ад узгодненага варыянта".

Перамовы па ўрэгуляванні сітуацыі ў Данбасе прайшлі ў Мінску 3 і 4 жніўня. Пасяджэнне трохбаковай кантактнай групы ў панядзелак цягнулася каля васьмі гадзін. Наступным днём аднавіла працу падгрупа па бяспецы — яна засядала прыкладна 12 гадзін. Якія-небудзь падрабязнасці сустрэчы падгрупы, на якой абмяркоўвалася пытанне адводу ўзбраенняў, невядомыя.

Тым часам прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка 4 жніўня правёў пасяджэнне ваеннага кабінета Савета нацыянальнай бяспекі і абароны. Як паведамляе прэс-служба кіраўніка ўкраінскай дзяржавы, Парашэнка паведаміў, што на пасяджэнні кантактнай групы ў Мінску 3 жніўня Украіна прапанавала план адводу на 15 кіламетраў артылерыйскіх сістэм калібру меншага за 100 мм, танкаў і гранатамётаў. "Гэта зброя, якую праціўнік выкарыстоўваў супраць украінскай арміі ў мінулыя тыдні — датуль, пакуль на гэтым тыдні не пачала выкарыстоўвацца большага калібру артылерыя", — сказаў Парашэнка.

Ён заявіў аб росце колькасці абстрэлаў сепаратыстамі ўкраінскіх пазіцый у зоне канфлікту. "Нам трэба дакладна вызначыць план узмацнення абароны на выпадак эскалацыі канфлікту", — падкрэсліў украінскі прэзідэнт. 

Парашэнка зазначыў, што Украіна няўхільна прытрымліваецца ўзятых на сябе ў Мінску абавязацельстваў, а таксама выказаў меркаванне, што "фейкавыя" выбары ў Данбасе, на правядзенні якіх настойваюць ЛНР і ДНР, могуць поўнасцю разбурыць мінскія дамоўленасці.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН
Мінск, 5 жніўня 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-1/261/32268
Текущая дата: 06.11.2024