Новыя абвінавачанні ўцёкламу ў Беларусь экс-прэзідэнту Курманбеку Бакіеву выставіла Генеральная пракуратура Кыргызстана.
У апублікаваным 23 лістапада прэс-рэлізе ведамства паведамляецца пра завяршэнне расследавання крымінальнай справы па факце "незаконнай трансфармацыі ў 2008 годзе зямельных участкаў" з катэгорыі "Землі сельскагаспадарчага прызначэння" ў катэгорыю "Землі населеных пунктаў".
Сярод абвінавачаных чыноўнікаў — Курманбек Бакіеў і яго брат Жаныбек (за дапамаганне ў карупцыі). Крымінальная справа накіраваная ў Кастрычніцкі раённы суд Бішкека для разгляду па сутнасці.
Курманбек Бакіеў, скінуты з пасады прэзідэнта Кыргызстана ў красавіку 2010 года, прыехаў у Беларусь з неафіцыйнай жонкай і двума дзецьмі паводле асабістага запрашэння Аляксандра Лукашэнкі. Як мяркуецца, у жніўні таго ж года ён атрымаў беларускае грамадзянства. У ліпені 2014 года Курманбек Бакіеў і яго брат Жаныбек, які ўзначальваў Службу дзяржаўнай аховы, былі прыгавораныя ў сябе на радзіме да пажыццёвага зняволення з канфіскацыяй маёмасці. Яны прызнаныя вінаватымі ў саўдзеле ў арганізацыі забойства, замаху на забойства, перавышэнні службовых паўнамоцтваў.
Кіргізскі бок неаднаразова патрабаваў ад Мінска затрымання і экстрадыцыі Курманбека Бакіева, бо ён знаходзіцца ў міжнародным вышуку паводле абвінавачання ў асабліва цяжкіх злачынствах. Чаканай рэакцыі з беларускага боку не было.
22 кастрычніка 2015 года экс-прэзідэнт прэзентаваў у Мінску кнігу ўспамінаў "Боль, любоў і надзея: мой Кыргызстан" з аналізам наяўнай сітуацыі на радзіме. "Я маўчаў пяць гадоў, не ўмешваўся ні ў што, — заявіў на прэзентацыі Бакіеў. — Але сёння ўсё негатыўнае ў Кыргызстане вешаюць на мяне, маіх блізкіх і, як кажуць, "бакіеўскіх" людзей. Я як зямны чалавек заслугоўваю крытыкі, але не агульнага ганьбавання".
БелаПАН
Мінск, 24 лістапада 2015
Мінск, 24 лістапада 2015
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-1/261/33348
Текущая дата: 25.12.2024