Белорусский портал в Казахстане

Калумбійскія паліцэйскія вывучаць беларускую сістэму процідзеяння аргзлачыннасці



У Мінск з пяцідзённым візітам прыбыла дэлегацыя Нацыянальнай паліцыі Калумбіі.

Як паведамляе ўпраўленне інфармацыі і сувязяў з грамадскасцю МУС Беларусі, замежныя спецыялісты на чале з камандуючым паліцэйскай акругай горада Медэльін генерал-маёрам паліцыі Хасэ Анхелем Мендасам Гузманам прадстаўляюць паліцэйскі блок, аналагічны беларускай крымінальнай міліцыі. Адпаведна, іх цікавіць беларуская сістэма барацьбы з аргзлачыннасцю, асабліва з найбольш небяспечнымі яе праявамі. У сваю чаргу, беларускім аператыўнікам цікавы калумбійскі вопыт процідзеяння тэрарызму, экстрэмізму, гандлю людзьмі, чалавечымі органамі, наркотыкамі, зброяй. У гэтых сферах беларускае МУС плануе мэтанакіравана развіваць супрацоўніцтва з калумбійскімі калегамі.

Паводле слоў старшага інспектара ўпраўлення міжнароднага супрацоўніцтва МУС Беларусі Алены Савілавай, запланавана пратакольная сустрэча з міністрам унутраных спраў Ігарам Шуневічам, рабочыя сустрэчы з кіраўніцтвам спецпадраздзялення МУС "Алмаз", Акадэміі МУС, глаўкаў наркакантролю і процідзеяння гандлю людзьмі, па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй, сталічнага АМАП, камандаваннем в/ч 3214.

Лацінаамерыканскія паліцэйскія таксама азнаёмяцца з метадамі дзейнасці байцоў спецпадраздзяленняў, наведаюць Міжнародны вучэбны цэнтр падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў у сферы міграцыі і процідзеяння гандлю людзьмі.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 14 ліпеня 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-1/263/31949
Текущая дата: 06.11.2024